Палітычныя партыі не пускаюць на Усебеларускі сход
Вылучаць упаўнаважаных для абрання дэлегатамі на IV
Усебеларускі народны сход могуць толькі тыя палітычныя партыі і
грамадскія аб’яднанні, у складзе якіх не меней 100 тысяч чалавек.
З гэтый прычыны выканаўчы камітэт Ленінскага раёна Мінска адмовіўся разглядаць дакументы чальцоў Партыі "Справядлівы мір" Парфірыя Кукіна і Аляксея Елісеева, вылучаных на Усебеларускі сход.
Як зазначыў навінаваму парталу udf.by Аляксей Елісееў, беларускіх грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць колькасны склад, большы за 100 тысяч чалавек, вельмі мала. Такім парадкам, трапіць на Усебеларускі сход маюць магчымасць чальцы праўрадавых аб’яднанняў, такіх як БРСМ, "Белая Русь" і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Аднак ніводная палітычная партыя ў Беларусі не мае права вылучыць сваіх сябраў.
IV Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 6-7 снежня 2010 года. Ён склікаецца з мэтай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця. Колькасць удзельнікаў сходу складзе 2,5 тысячы чалавек.