У вёсцы Машчаніца быў затрыманы Барыс Вырвіч, рэдактар бялыніцкай газэты “Паходня”
28 лютага раніцай амаль адразу пасьля вяртаньня з нарады рэдактараў маланакладнай прэсы, якая адбылася ў Менску, ва ўласнай хаце ў вёсцы Машчаніца быў затрыманы Барыс Вырвіч, рэдактар бялыніцкай газэты “Паходня”. Міліцыянты даставілі яго ў пастарунак, дзе склалі пратакол аб тым, што Б. Вырвіч нібыта ім пагражаў і брудна лаяўся.
З РАУС Барыса Вырвіча даставілі ў суд. Але там міліцыянтаў чакала вялікая неспадзяванка, бо высьветлілася, што грамадзкі актывіст зьяўляецца народным засядацелем у гэтым судзе, і ягоная адміністратыўная справа ня можа быць у ім разгледжаная. Пакуль невядома, што будзе рабіць міліцыя і якім чынам разгорнуцца далейшыя падзеі.
Нагадаем, што гэта ўжо другое затрыманьне Б. Вырвіча ў лютым сёлета. Такую “увагу” да сябе грамадзкі актывіст зьвязвае з тым, што ягоная газэта “Паходня” цьвёрда стаіць на баку кандыдата ад дэмакратычнай апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах Аляксандра Мілінкевіча, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.