Аршанскія актывісты ўшанавалі памяць ахвяраў сталінізму
Сябры КХП БНФ і партыі БНФ, вернікі каталіцкай і грэка-каталіцкай парафій правялі талаку ва ўрочышчы Кабыляцкая гара ў Воршы і ўшанавалі памяць расстраляных там у 1930-50-я гады ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Паводле сябра КХП БНФ Юрыя Конышкі, на гэтым, другім пасьля Курапатаў
афіцыйна прызнаным месцы массавых расстрэлаў, сёньня сабралася каля
20-ці чалавек.
Імшу па бязьвінных ахвярах таталітарызму правялі
па каталіцкім і грэка-каталіцкім абрадзе. Яна праходзіла каля
каменя-помніка, усталяванага тут у 1990-я гады. У той час гарадзкія
ўлады таксама бралі ўдзел у жалобных імпрэзах на Дзяды, але пасьля
1995-га году і добраўпарадкаваньне мэмарыялу, і памінальныя службы
сталіся клопатам выключна прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадзкасьці.
Сёньня
ва ўрочышчы Кабыляцкая гара садзілі дрэвы ў памяць пра расстраляных, а
потым запалілі сьвечкі, усклалі белыя ды чырвоныя кветкі і вянок з
надпісам “Ахвярам сталінізму ад партыі БНФ і КХП БНФ”.
Тут, на ўзлеску пад Воршай, паводле ўспамінаў старажылаў, было расстраляна каля 5-ці тысяч чалавек.