Вэтэраны Аўганістану супраць сьледчых па справе Аўтуховіча
Вэтэраны вайны ў Аўганістане патрабуюць прыцягнуць да адказнасьці сьледчую групу, якая вяла расьсьледаваньне справы Мікалая Аўтуховіча. Адпаведная заява перададзена ў Генэральную пракуратуру 8 лістапада.
Аб гэтым паведаміў праваабаронца Алег Волчак. У
заяве адзначаецца, што 8 лютага 2009 году Мікалай Аўтуховіч і Юрый
Лявонаў былі арыштаваныя паводле падазрэньня ва ўчыненьні падпалаў
маёмасьці былога начальніка Ваўкавыскага РУУС Сяргея Кацубы і мясцовага
падатковага інспэктара Сяргея Мандзіка. Зь імі быў таксама арыштаваны
былы падатковы інспэктар Уладзімер Асіпенка. "Па інкрымінаваных ім
злачынствах у 2005 годзе вінаватыя ўжо былі асуджаныя. Пацярпелыя з
новымі заявамі ў праваахоўныя органы ў дачыненьні да названых асоб не
зьвярталіся", — гаворыцца ў заяве.
"Падчас сьледзтва затрыманым
былі прад'яўленыя новыя абвінавачаньні — падрыхтоўка тэракту супраць
старшыні Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэту Ўладзімера
Саўчанкі і замах на намесьніка міністра па падатках і зборах Рэспублікі
Беларусь Васіля Камянко. На падставе прысуду судзьдзі Аляксея Цяцюхіна
па гэтых абвінавачаньнях прадпрымальнікі былі апраўданыя: у судзе сталі
набыткам галоснасьці факты штучнага стварэньня доказаў абвінавачаньня —
прымус сьведак да дачы непраўдзівых паказаньняў, катаваньне ў дачыненьні
да затрыманых і подкуп. Таксама судовым сьледзтвам было ўстаноўлена,
што сьледчыя незаконна затрымлівалі ні ў чым не вінаватых людзей з мэтай
атрыманьня патрэбных сьледзтву паказаньняў пад пагрозай прыцягненьня іх
да крымінальнай адказнасьці", — гаворыцца ў заяве.
На думку
падпісантаў заявы, гэтыя факты можна расцэньваць як злоўжываньні
сьледзтва і адвольныя затрыманьні. Усе гэтыя супрацьпраўныя дзеяньні
ажыцьцяўляліся сьледчай групай пад кіраўніцтвам начальніка ўпраўленьня
па раскрыцьці асабліва цяжкіх злачынстваў мінулых гадоў МУС Беларусі
Віктара Клачко. У дзеяньнях кіраўніка сьледчай групы і іншых сьледчых
бачацца прыкметы злачынстваў, прадугледжаныя артыкуламі 424 і 426 КК
(злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і перавышэньне ўлады).
На
падставе гэтага вэтэраны вайны ў Аўганістане патрабуюць распачаць
крымінальную справу ў дачыненьні да прадстаўнікоў сьледзтва, дзяржаўнага
абвінавачаньня і суду, вінаватых у незаконным пазбаўленьні волі Мікалая
Аўтуховіча і Ўладзімера Асіпенкі.
Заяву падпісалі сустаршыні
аргкамітэту па стварэньні Рэспубліканскага грамадзкага аб'яднаньня
вэтэранаў баявых дзеяньняў у Аўганістане "Абаронцы Айчыны" Алег Волчак і
Аляксандр Камароўскі, а таксама яшчэ 12 вэтэранаў баявых дзеяньняў у
Аўганістане.
Прыгаворы па так званай справе ваўкавыскіх
прадпрымальнікаў былі абвешчаныя ў Вярхоўным судзе Беларусі ў траўні
2010 году. Аўтуховіча прыгаварылі да пяці гадоў і двух месяцаў
пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі строгага рэжыму,
Асіпенку — да трох гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў
калёніі агульнага рэжыму.
Яшчэ двое абвінавачваных — былы
работнік фірмы Аўтуховіча Аляксандр Ларын і падпалкоўнік міліцыі Міхаіл
Казлоў — былі прыгавораныя адпаведна да трох гадоў пазбаўленьня волі з
адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і двух гадоў
пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму
без пазбаўленьня права займаць кіруючыя пасады.
Аўтуховіч
прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўваньні пяці патронаў да паляўнічай
вінтоўкі, Асіпенка і Ларын — у захоўваньні і перавозцы зброі і
выбуховых рэчываў, Казлоў — у тым, што ведаў аб знаходжаньні на
тэрыторыі школы-ліцэя № 1 Гродна гранатамёта, але не паведаміў аб гэтым.
Праваабаронцы
лічаць асуджаных па гэтай справе палітзьняволенымі, указваючы на
сур'ёзныя працэсуальныя парушэньні, зафіксаваныя ў ходзе суда.
56-гадовы Ўладзімер Асіпенка 8 лістапада быў вызвалены зь івацэвіцкай папраўчай калёніі № 22.