Маладафронтаўцаў затрымалі пасьля выпадковай сустрэчы зь міністрам
У Менску ўвечары 17 лістапада былі затрыманыя намесьнікі
старшыні зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі «Малады фронт» Наста Палажанка
і Мікола Дземідзенка. Пра гэта паведаміў БелаПАН лідэр арганізацыі Зьміцер Дашкевіч.
Дашкевіч таксама расказаў, што маладафронтаўцы арыштаваныя паводле асабістага загаду
міністра ўнутраных справаў Анатоля Куляшова. Паводле Дашкевіча, актывісты ў часе
раздачы ўлётак пра акцыю, плянаваную на 24 лістапада на Кастрычніцкай
плошчы Менску, выпадкова сустрэлі Куляшова, які іх папярэдзіў аб адказнасьці.
А затым Палажанка і Дземідзенка былі затрыманыя міліцыянтамі, якія і паведамілі,
што загад аб затрыманьні аддаў непасрэдна міністар.
Палажанку і Дземідзенку даставілі ў Цэнтральнае РУУС міліцыі Менску.
Пазьней Зьміцер Дашкевіч паведаміў Свабодзе, што Насьце Палажанцы і Міколу
Дземідзенку прапанавалі напісаць тлумачэньні, але тыя адмовіліся. Прыкладна
праз гадзіну маладафронтаўскіх актывістаў адпусьцілі.