viasna on patreon

«Мы помнім» — так называецца новая кніга пра зніклых у Беларусі палітыкаў і журналіста

2010 2010-11-17T15:35:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Свет змяняецца, мы змяняемся, не змяняюцца толькі тыя, хто ўжо больш не з намі...»

Прэзентацыя кнігі "Мы помнім" адбылася 16 лістапада ў Мінску.­

Выданне прысвечана зніклым без вестак былому намесніку старшыні Вярхоўнага Савета 13-склікання і экс-старшыню Цэнтрвыбаркама Віктару Ганчару, яго сябру, бізнесоўцу і педагогу Анатолю Красоўскаму, аператару расійскага тэлеканала ОРТ, сябру ГА «БАЖ» Дзмітрыю Завадскаму і экс-міністру ўнутраных спраў Беларусі генералу Юрыю Захаранку, лёс якіх невядомы ужо больш за 10 год, а таксама былому віцэ-спікеру Вярхоўнага Савета Генадзю Карпенку, смерць якога ўвесну 1999 года выклікала шмат пытанняў у дэмакратычнай супольнасці.

Над зборнікам, пабудаваным на ўспамінах сваякоў, сяброў і калег зніклых, працавалі вядомы беларускі журналіст і кінадраматург Уладзімір Халіп, а таксама дырэктар «Свабоднага тэатру» Наталля Каляда і мастацкі кіраўнік тэатру Мікалай Халезін.

Кніга выдадзена на беларускай, рускай і англійскай мовах. У выданні шмат фотаілюстрацый з сямейных архіваў.

Уладзімір Халіп шчыра падзякаваў усім, хто спрычыніўся да стварэння кнігі. «Я ведаю, чаго ім каштавала зноў перажываць тыя падзеі, распавядаючы пра сваіх родных і сяброў, зноў праз дзесяць год вяртацца ў тыя дні… Я думаю, што гэтая кніга не будзе марнай, таму што тут сабраны не сенсацыйныя адкрыцці і не крымінальныя расследванні. Як сказаў Гары Паганяйла (кіраўнік юрыдычнай камісіі РГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» — аўт.), застаецца юрыдычная працэдура, якая ўсё ніяк не адбудзецца. Яшчэ не пакараныя злачынцы, якія ходзяць па зямлі, якім паціскаюць рукі, з якімі вітаюцца, з якімі размаўляюць, вядуць перамовы. Але гэта скончыцца, бо ніколі не бывае, каб такое засталося беспакараным…», — падкрэсліў Уладзімір Халіп.

Ад імя родзічаў зніклых да прысутных звярнулася Ірына Красоўская — былая жонка Анатоля Красоўскага, якая разам са Святланай Завадскай арганізоўвала выданне кнігі «Мы помнім». «Я хачу шчыра падзякаваць усім, хто сёння прыйшоў на прэзентацыю, усім, хто быў побач з намі ўсе гэтыя цяжкія гады, усім, хто захоўваў і захоўвае памяць пра нашых родных і блізкіх. Адзінаццаць гадоў — гэта вельмі вялікі тэрмін. Свет змяняецца, мы змяняемся, не змяняюцца толькі тыя, хто ўжо больш не з намі — Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Зміцер Завадскі, Юрый Захаранка і Генадзь Карпенка. Яны застаюцца такімі ж, якімі мы іх ведалі адзінаццаць гадоў таму. Яны застануцца такімі і ў кнізе, якую мы стварылі, таму яна так і завецца — „Мы помнім“. Гэта кніга пра памяць і пра любоў. Тут 24 апавяданні, 24 споведзі жонак, дзяцей, родных, блізкіх і калег зніклых, і большасць з тых, хто стаў аўтарамі кнігі, сёння тут, за што ім вялікі дзякуй», — сказала Ірына.

Прэзентацыю наведала шмат журналістаў, палітыкаў, грамадскіх актывістаў, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. Прысутнічалі маці і былая жонка Дзмітрыя Завадскага — Вольга Рыгораўна і Святлана Завадскія.

Гэта была ўжо трэцяя прэзентацыя кнігі «Мы помнім»: першыя дзве адбыліся ў Нарвегіі (Осла) і ЗША (Нью-Ёрк). Прычым, па трагічным супадзенні, прэзентацыя ў Нарвегіі адбылася акурат у той дзень, калі на сваім лецішчы быў знойдзены павешаным беларускі журналіст Алег Бябенін.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства