На Някляева трымаюць у запасе крымінальную справу
Кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў патрабуе спыніць альбо перадаць у суд крымінальную справу, заведзеную на яго і актывістаў выбарчага штабу Сяргея Вазняка і Андрэя Дзмітрыева па абвіначванню ў распаўсюдзе ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі.
"Справа была заведзеная 17 траўня, а цяпер лідар кампаніі “Гавары праўду” атрымаў інфармацыю аб яе прыпыненні. Гэта значыць, што ў любы момант яна можа быць адноўленая," - зазначае палітык.
- Гэта значыць, што ў любы момант з кандыдатаў у прэзідэнты я магу стаць кандыдатам у злачынцы і апынуцца не ў прэзідэнцкім палацы, а ў турме за кратамі. Мне ўжо абрыдлі гэтыя, мякка сказаць, несумленныя гульні. Таму мы патрабуем: калі мы не вінаватыя, а вы не змаглі даказаць нашу віну за столькі часу, за паўгода, увесь рэпрэсіўны апарат працаваў супраць нас, разбіраўся ў нашай справе, і не знайшлі віны, дык спыняйце, адмяняйце, закрывайце справу, а калі не - калі вы здольныя даказаць, што мы злачынцы, тады няхай адбудзецца суд. І мы гэтага будзем патрабаваць.
Крымінальная справа на Някляева і яго паплечнікаў была заведзеная за недакладнае ўказанне звестак пра наклад на паштоўках “Гавары праўду”. 18 траўня на офісе кампаніі “Гавары праўду” быў праведзены вобшук, а Уладзіміра Някляева, Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Вазняка пасадзілі за краты на трое сутак.