Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае занепакоенасьць сітуацыяй з асуджаным прадпрымальнікам Андрэем Бандарэнкам
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выказвае занепакоенасьць сітуацыяй з асуджаным прадпрымальнікам Андрэем Бандарэнкам
Заява
Менск, 24.11.2010 г.
Сябра Нацыянальнага камітэта Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты падчас парламенцкіх выбараў 2008 г. Андрэй Бандарэнка адбывае пакараньне ў бабруйскай калоніі, дзе ў дачыненьні да яго неаднаразова ўжываўся ціск з боку адміністрацыі папраўчай установы, а менавіта: незаконнае зьмяшчэньне ў карцэр некалькі разоў запар, беспадстаўныя дысцыплінарныя пакараньні, адмовы ў мэдычнай дапамозе. Да таго ж, ёсьць інфармацыя, што на Андрэя Бандарэнку аказваўся псіхалагічны ціск - яму пагражалі “выпадковай сьмерцю”. Дадзеныя факты сьведчаць аб выкарыстаньні ў дачыненьні да А. Бандарэнкі жорсткіх, бесчалавечных, прыніжаючых чалавечую годнасьць відаў абыходжаньня, якія прыраўніваюцца да катаваньняў.
Зьвяртаем увагу, што Андрэй Бандарэнка быў асуджаны 23.02.2010 за “крадзёж праз махлярства” да 6 гадоў зьняволеньня. Свой прысуд прадпрымальнік лічыць палітычна матываваным. З 15 чэрвеня па 7 ліпеня 2010 г. у знак пратэсту А.Бандарэнка трымаў галадоўку. Праваабарончы цэнтр “Вясна” не выключае палітычнага матыву перасьледу А. Бандарэнкі. Вынесены ў дачыненьні А. Бандарэнкі прысуд таксама выклікае сумневы ў ягонай абаснаванасьці і законнасьці.
У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” зьвяртаецца да беларускіх уладаў і ў першую чаргу да прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных справаў і заклікае не дапускаць парушэньня правоў асуджанага А. Бандарэнкі і забясьпечыць яму належныя ўмовы адбыцьця пакараньня. Мы патрабуем неадкладна спыніць пагрозу жыцьцю і здароўю асуджанаму прадпрымальніку і палітычнаму дзеячу.