viasna on patreon

МІХАСЬ БАШУРА: «Я ЧЫТАЎ СУКАМЭРНІКАМ ВЕРШЫ З ПАМЯЦІ»

2010 2010-11-20T12:06:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bashura-sud.jpg

Пісьменьнік і турма — надзённая тэма для беларускай літаратуры цягам усяе яе гісторыі ад Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і да нашых дзён. Найноўшы прыклад — паэт Міхась Башура, які нядаўна быў зьвязьнены на два з паловаю месяцы. Што адчувае паэт за кратамі, як яго ўспрымаюць сукамэрнікі і ці прылятае ў вязьніцу ягоная Муза? Пра гэта Міхась Башура распавёў карэспандэнтцы "Радыё Свабода"  Валянціне Аксак.

Валянціна Аксак: «Скажыце, калі ласка, якія былі вашы першыя думкі і адчуваньні, калі вы раптам апынуліся за кратамі?»

Міхась Башура: «Першае адчуваньне было — нечаканасьць і разгубленасьць. Першая думка — за што, чаму? Я, як звычайны, мабыць, чалавек у дадзенай сытуацыі спадзяваўся спачатку, што гэта памылка і ўсё высьветліцца, ва ўсім разьбяруцца. Пасьля таго, як была вызначаная мера затрыманьня — пад арыштам, я зразумеў, што гэта ўсё зроблена сьвядома і, відаць, прыйдзецца доўга яшчэ за кратамі знаходзіцца. Дзякуючы Богу, падтрымцы сяброў і падтрымцы СМІ ўсё ж такі гэтае зьняволеньне было нядоўгім. І мой вось гэты турэмны вопыт, спадзяюся, на гэтым закончыцца».

Аксак: «А як паставіліся да вас тыя, хто апынуўся побач у камэры, даведаўшыся, што вы — беларускі паэт?»

Башура: «За кратамі вельмі шмат разумных, адукаваных людзей, якія цікавяцца многім, у тым ліку і літаратурай. Я выхаваны на клясычнай літаратуры, але ўдзел у руху „Бум-Бам-Літ“ унёс нейкую экспэрымэнтатарскую нотку ў мае творы. І маіх суседзяў па камэры зьдзіўляў гэты кантраст у маіх вершах: клясычныя і нейкія незразумелыя для іх па стылі і гучаньні».

Аксак: «А вы чыталі па памяці ім свае вершы, ці ў вас была з сабой ваша кніжка «Паліваньне на мух» і іншыя публікацыі?

Башура: «Нічога не было, чытаў толькі па памяці. Мне хацелі сябры перадаць маю новую кнігу, якая выйшла, калі я быў за кратамі, але ім гэта зрабіць не дазволілі».

Аксак: «Выданьне вашай новай кнігі „Думкі — гэта не гульня“ сталася незвычайнай акцыяй падтрымкі. Кнігу ў турму не дазволілі перадаць. Першая яе прэзэнтацыя адбылася таксама незвычайна — у часе суду над вамі. Вам і там яе не дазволілі перадаць. А ці прыходзілі да вас у тых суровых турэмных умовах новыя паэтычныя радкі?»

Башура: «Новыя вершы зьяўляліся і за кратамі і адзін з тых вершаў «Малюнак» я прачытаў у заключным сваім слове на судзе.

Аксак: «А вы можаце яго цяпер паўтарыць?

Башура: «Так. Калі ласка.

Глядзі, малюнак які
я пальцам малюю на шкле.
Колам абазначыў сусьвет.
Я — кропка, што з краю,
кропка за колам.
Я адрынуў сусьвет,
ці сусьвет адрынуў мяне?
Узаемна!
Кропка — таксама сусьвет.
Сусьвет ня церпіць канкурэнцыі.
Але ён не разумее,
што кропкі — гэта кроў у яго жылах.
Бяз кропак — ён мёртвы.
Кропкі гэта фарбы.
Сусьвет выштурхоўвае кропкі
і губляе колер…
Я вярнуся.
Я абавязкова вярнуся!
І расфарбую сусьвет!


Гэты верш я напісаў сёлета ў Жодзінскай турме 21 жніўня».

Аксак: «А ці прасілі вас вашы сябры па няшчасьці напісаць ім верш зь нейкае нагоды?»

Башура: «За кратамі вельмі шмат сапраўды таленавітых людзей і прага да творчасьці там вельмі моцна праяўляецца. Палова малюе паштоўкі, прыгожа афармляюць лісты да родных і блізкіх, ну а другая палова нешта піша. Натуральна, што гэтае пісаньне зьвязанае з турэмнай тэматыкай і па жанры нагадвае шансон. У мяне так пісаць не атрымоўвалася. Я разумеў, што знаходжуся там усё роўна часова і скіроўвацца ў творчасьці на турэмную тэматыку мне не хацелася. Мне заўсёды хацелася пісаць нешта такое філязофскае».

Аксак: «Існуе меркаваньне, якое склалася з сумных назіраньняў над тымі, хто пабыў за кратамі, што турма людзей зьмяняе. Яны аддаляюцца ад сваёй ранейшай дзейнасьці, сыходзяць у цень. Што скажаце на гэта?»

Башура: «Гэта залежыць ад чалавека, але, на жаль, тут ёсьць адзін непрыемны момант. Нядаўна глядзеў па тэлебачаньні нейкі фільм, у якім казалася, што савецкі чалавек, які патрапіў жывым у палон, гэта ўжо не савецкі не чалавек. Гэта сындром акружэнца, калі чалавек трапляе ў палон і потым вяртаецца і сустракае насьцярогу, зь якой людзі на яго глядзяць і думаюць, а што ад яго цяпер чакаць: можа ён зьмяніўся, можа набраўся крымінальных звычак, можа яго завэрбавалі. Мне падаецца, што вось гэты сындром акружэнца і мяняе паводзіны чалавека і яго ўдзел у грамадзкім жыцьці. Калі б вось гэтага сындрому не назіралася, то я думаю, што і большая частка людзей, якія прайшлі турму, не зьмянілася б. Я на сабе адчуў гэты сындром акружэнца. Ён ня вельмі моцны і ў большасьці выпадкаў людзі, зь якімі я раней працаваў і кантактаваў, ставяцца да мяне так, як ставіліся і раней. Таму я лічу, што для мяне нічога не зьмянілася і мая пазыцыя, якая была да зьняволеньня, яна, мабыць, толькі акрэпла, і мае перакананьні толькі ўмацаваліся».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства