Уначы адбыўся ператрус у кватэры эканаміста Сяргея Балыкіна
Уначы
адбыўся ператрус у мінскай кватэры старшыні праўлення Асацыяцыі малога і
сярэдняга прадпрымальніцтва, юрыста, эканаміста і журналіста Сяргея Балыкіна. У яго забралі ноўтбук, усе сродкі мабільнай сувязі, флэш-карту, карту памяці фотаапарата, паведамляе БелаПАН.
Супрацоўнікі
праваахоўных органаў — міліцыянты і супрацоўнікі КДБ — дзейнічалі на
падставе пастановы, падпісанай следчым і без санкцыі пракурора. Яны не
хавалі, што шукаюць выбуховыя рэчывы, паведаміў Балыкін. Паводле яго
слоў, праваахоўнікі заявілі, што некаторыя яго паведамленні на форумах, а
таксама псіхалагічны партрэт сведчаць аб тым, што ў Балыкіна можа быць
інфармацыя аб выбуху 4 ліпеня 2008 года ў Мінску, альбо ён можа быць
"адным з выканаўцаў" (Балыкін сцвярджае, што падчас таго здарэння
знаходзіўся ў Парыжы).
Пасля ператрусу Сяргея Балыкіна тры
гадзіны пратрымалі ў Першамайскім РУУС, дзе з ім размаўлялі не толькі
наконт выбуху ў Мінску, але і пра яго журналісцкую дзейнасць, паездкі за
мяжу. Здаць адбіткі пальцаў Балыкін адмовіўся. Яго працэсуальны статус
не вызначаны.