М.Башура: "За кратамі паміраюць людзі, якія патрапілі туды абсалютна здаровымі"
Госьць начнога эфіру Радыё Свабоды – актывіст кампаніі “Гавары праўду”, выдавец і паэт Міхась Башура, які 19 кастрычніка выйшаў на волю, атрымаўшы штраф памерам 17,5 мільёна рублёў.
Абламейка: Як вы ацэньваеце свой прысуд? Амаль 6 тысяч даляраў. Ці не зашмат, калі ўлічыць, што вы два з паловай месяцы адседзелі ў турме?
Башура: Натуральна,
што з прысудам я ня згодны. Лічба штрафу 17.5 мільёнаў рублёў адразу
нават не ўяўлялася рэальнай. Гэтая лічба перабівалася пачуцьцём, што
мяне ўсё ж выпускаюць і гэта галоўнае, што я буду на волі. Але тым ня
менш, мы з адвакатам, Сідарэнкай Тамарай Аляксандраўнай, якая мне моцна
дапамагла ў гэтым працэсе, будзем абскарджваць гэты прысуд.
Абламейка: Якой вы прытрымліваецеся думкі пра праваахоўчую сыстэму Беларусі пасьля таго, што з вамі адбылося?
Башура:
Адным словам -- жах. Гэта вялізная і шырокая тэма. Пра гэта можна
размаўляць вельмі доўга. Тое, як дзейнічаюць нашыя сьледчыя, нашыя суды,
я ўжо не кажу пра ўмовы ўтрыманьня ў ізалятарах. Дзякуй Богу, я не
патрапіў "на зону", як кажуць, -- у турму. Мне сукамэрнікі казалі, што я
пабачыў ня больш за 5 адсоткаў, але мне гэтага было дастаткова, каб
скласьці сваё цэласнае ўяўленьне пра ўсю гэтую судова-карную сыстэму.
Хібаў у ёй вельмі-вельмі шмат.
У нас на Валадарскага ў камэры было 26 чалавек на 15 нараў. Плошча камэры -- 24 квадратных мэтры. З двух бакоў нары ў тры паверхі, пасярэдзіне стол, за якім можа зьмясьціцца 8 чалавек. Калі ноччу клаліся спаць, дык некалькім чалавекам не было нават дзе сесьці. Але я лічу, што гэта драбяза, у параўнаньні з псыхалягічным ціскам на людзей. І самае галоўнае, у мяне ёсьць інфармацыя, што за кратамі паміраюць людзі, якія патрапілі туды абсалютна здаровымі. Літаральна апошнім часам памерлі два чалавекі. Адзін ад раку, а ў другога праблемы з ныркамі і не вытрымала сэрца. Калі ён быў затрыманы, у яго ніякіх праблем у гэтым пляне не было. Менавіта гэта страшна. Людзі ня толькі калечацца фізычна, маральна, псыхалягічна, але людзі там яшчэ і паміраюць. Пра гэта недастаткова вядома. Я маю намер сабраць патрэбную інфармацыю, і лічу, што гэта трэба данесьці да грамадзкасьці. З гэтым трэба нешта рабіць.