viasna on patreon

У Кіеве каля амбасады Беларусі прайшла акцыя салідарнасці

2010 2010-12-22T17:29:43+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kijeuakcyja3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Кіеве каля будынка амбасады Беларусі  21 снежня прадстаўнікі грамадскіх і праваабарончых арганізацый, а таксама журналісты правялі акцыю салідарнасці з беларускімі калегамі, затрыманымі падчас і пасля завяршэння акцыі пратэсту 19 снежня ў Мінску.

У акцыі ўзялі ўдзел каля 50 чалавек. Яны вылілі на снег перад амбасадай чырвоную фарбу – як сімвал таго, што падчас акцыі пратэсту ў Мінску ўлада праліла кроў  сваіх грамадзян, якія выступілі супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Украінскія грамадскія актывісты, якія выступаюць супраць грубых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі,  прынялі зварот да беларускіх ўладаў з патрабаваннем вызваліць затрыманых удзельнікаў акцыі і спыніць масавыя рэпрэсіі супраць апазіцыі:

"Паважаны спадар Прэзідэнт,

Прадстаўнікі ўкраінскіх няўрадавых арганізацый і грамадскія актывісты выказваюць рашучы пратэст у сувязі з грубымі парушэннямі абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у галіне правоў чалавека, дапушчанымі падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Мы сур'ёзна занепакоеныя фактамі пагромаў і ператрусаў у офісах грамадскіх арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі, неабгрунтаваных затрыманняў грамадскіх актывістаў, журналістаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі. Мы рашуча асуджаем прымяненне гвалту і жорсткасці праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь у дачыненні да ўдзельнікаў мірнага сходу 19 снежня 2010 г.

Мы, якія падпісаліся пад дадзеным зваротам, патрабуем ад ўладаў Рэспублікі Беларусь:

- неадкладна спыніць перашкоды ў дзейнасці журналістаў і праваабаронцаў, пераслед прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі;

- правядзення эфектыўнага расследавання і справядлівага судовага разбіральніцтва ў дачыненні да ўсіх прадстаўнікоў праваахоўных органаў Рэспублікі Беларусь, якія праявілі неабгрунтаваную жорсткасць падчас падаўлення мірных акцый пратэсту;

- апублікавання інфармацыі пра ўсіх затрыманых, у тым ліку інфармацыі пра прычыны затрымання і месцазнаходжанне арыштаваных, і неадкладнага вызвалення ўсіх, неправамерна пазбаўленых волі".

Удзельнікі акцыі падпісаную петыцыю хацелі перадаць у амбасаду, але з амбасады праваабаронцам праз перамоўную прыладу ў дзвярах адказалі, што ніякіх заяваў яны не прымаюць, толькі па пошце.

 Усе жадаючыя таксама могуць падпісаць петыцыю ў інтэрнеце.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства