Кіраўніка штабу Мілінкевіча з Гомеля Уладзіміра Кацору асудзілі на 8 сутак "за дробнае хуліганства"
Кіраўнік Гомельскага абласнога выбарчага штабу кандыдата Аляксандра Мілінкевіча Ўладзімер Кацора 20 сакавіка асуджаны на 8 сутак арышту "за дробнае хуліганства". На волю гомельскі апазыцыянэр выйдзе ў нядзелю, бо апошнія амаль трое сутак ён правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, паведамляе Радыё Свабода.
Са словаў паплечнікаў актывіста выбарчай кампаніі, Уладзімера Кацору затрымалі ў пятніцу ўвечары — ён якраз уваходзіў у пад’езд свайго дому, папярэдне пазваніўшы ў дамафон і сказаўшы жонцы, каб адчыніла дзьверы. З пад’езду яго выштурхнуў незнаёмы хлопец, а потым зьявіліся міліцыянты, схапілі й даставілі ў 2-е адзяленьне Чыгуначнага РУУС Гомелю.
Аднак у пратаколах, далучаных да судовай справы, выкладалася зусім іншая вэрсія. Пра вэрсію міліцыянтаў распавядае юрыст Леанід Судаленка: "Калі Кацора падышоў да свайго пад’езду, да яго падышоў незнаёмы малады хлопец, гэты хлопец папрасіў запаліць. Калі Кацора сказаў, што запаліць у яго няма, хлопец прабачыўся й пайшоў, але ж Кацора ўсьлед яму сказаў: чаго вы тут, бамжы, ходзіце, і вылаяўся нецэнзурнымі словамі. Тады хлопец сказаў: я ж вас не абражаў. І падышоў да яго. Кацора яго ўдарыў, схапіліся за курткі адно аднаму, і тут зьявілася міліцыя".