На допыты ў КДБ выклікаюць моладзевых актывістаў
https://spring96.org./be/news/40209
2010
2010-12-27T22:18:34+0200
2010-12-27T22:18:34+0200
1970-01-01T03:00:00+0300
be
27 снежня на допыт у КДБ быў выкліканы моладзевы актывіст Аб'яднанай грамадзянскай партыі Аляксандр Сцепаненка.
“Запрашэнне” з КДБ было агучана яшчэ 25 снежня па тэлефоне, аднак Аляксандр амовіў у візіце, паведаміўшы, што падобныя рэчы павінны адбывацца ў рэчышчы, вызначаным законам. На наступны дзень ён атрымаў афіцыйную позву.
Як паведаміў нам моладзевы актывіст, размова прайшла ў прысутнасці адваката, была досыць вытрыманай і тычылася пераважна так званых “масавых беспарадкаў”. Службісты цікавіліся перадвыбарчай кампаніяй, працай офіса, а таксама лідэрамі АГП, якія сёння знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ.
“Я думаю, усё прайшло нармальна, без ціску, бо побач са мной прысутнічаў адвакат”, - зазначыў напрыканцы гутаркі Аляксандр.