Віцебск: затрыманы кіраўнік штабу Мілінкевіча Берасьце: арыштаваны яшчэ адзін актывіст штабу Мілінкевіча
У 17.15 міліцыянты затрымалі кіраўніка штабу Мілінкевіча па падазрэньні ў злачынстве. Хрыстафор Жаляпаў прызначыў сустрэчу зь мясцовымі актывістамі ў кавярні “Усход”, каля якой і быў затрыманы міліцыянтамі. Спадара Жаляпава завезьлі ў Кастрычніцкі райаддзел міліцыі, адкуль ён змог патэлефанаваць і паведаміць акалічнасьці затрыманьня. Паводле ягоных словаў, супрацоўнікі міліцыі адсочвалі ягоныя перасоўваньні цягам некалькіх дзён, і дачакаліся моманту, пакуль ён застаўся адзін.
На выхадзе з кавярні “Усход” па Маскоўскім праспэкце да Хрыстафора Жаляпава падышлі міліцыянты, якія сказалі, што ён падобны да злачынцы, якога яны шукаюць. Апазыцыянэра завезьлі ў пастарунак, пакуль што нібыта каб спраўдзіць ягоную асобу.
Сакратар гарадзкога штабу Мілінкевіча Ўладзімер Красько арыштаваны на 7 сутак нібыта за лаянку ў прысутнасьці дзяцей. Спадара Краська міліцыянты затрымалі ўжо пасьля выбараў на падставе звароту невядомых асобаў, які цьвердзілі, што актывіст выбарчай кампаніі выкарыстоўваў нецэнзурныя словы, калі побач знаходзіліся дзеці. Уладзімер Красько адбывае пакараньне ў ізалятары часовага ўтрыманьня Ленінскага РАУС Берасьця. Яшчэ два мясцовыя актывісты штабу Мілінкевіча — Зьміцер Філіпчук і Андрэй Карпук — пакараны судом на 2 сутак арышту за дробнае хуліганства і адпушчаны на волю, бо гэты тэрмін яны ўжо адсядзелі ў ізалятары, чакаючы судовага рашэньня, паведамляе Радыё Свабода.