viasna on patreon

Ці будуць пакараныя супрацоўнікі міліцыі?

2011 2011-01-11T13:23:06+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/miliciaby.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Мінчанін Сяргей Пякарчык увечары 19 снежня ў ліку іншых быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў раёне плошчы Незалежнасці.  20 снежня пастановай суда Партызанскага раёна сталіцы ён быў прыцягнуты да адказнасці ў выглядзе адміністратыўнага арышту тэрмінам на 13 сутак. Пакаранне адбываў у Мінску на Акрэсціна.

Сяргей Пякарчык лічыць, што падчас яго затрымання і разгляду справы ў судзе, а таксама падчас адбыцця адміністратыўнага арышту супрацоўнікі  міліцыі груба парушалі яго правы і законныя інтарэсы. З гэтай нагоды ён з дапамогай праваабаронцаў падаў скаргу ў пракуратуру горада Мінска.  

Пра падрабязнасці затрымання, суд  і ўмовы ўтрымання падчас адбыцця пакарання – у інтэрв’ю з Сяргеем Пякарчыкам.

- Сяргей, як адбывалася ваша затрыманне?

- Мы знаходзіліся прыкладна ў дзесяць-адзінаццаць гадзін вечара паміж помнікам Леніна і Домам Урада. І амапаўцы нас узялі ў кола. Я спачатку падумаў, што такім чынам яны хочуць нас выцесніць з тэрыторыі, і мы хацелі проста сысці адтуль. Але аказалася, што яны ўзялі нас у кола і адзінае выйсце - уваход у аўтазак, то бок калідорчык такі зрабілі. Калі людзі ўваходзілі ў аўтазак, некаторых збівалі. Мне, у прыватнасці, далі дубінкай па галаве. У мяне шапка ўпала на зямлю, я нагнуўся за ёй, але ў гэты час іншы амапавец адфутболіў яе пад машыну, а яшчэ адзін ўдарыў дубінкай па назе і хтосьці - тарцом дубінкі па губе, калі я выпростваўся ...

- Куды вас павезлі ў гэтым аўтазаку?

- На Акрэсціна. Было нас 67 чалавек і ў асноўным увесь час стаялі. Сядзелі толькі некаторыя - там нейкія лавачкі былі. Камусьці дрэнна рабілася, таму што мы больш за тры гадзіны знаходзіліся ў машыне.
Першыя суткі мы правялі ў калідорах ізалятара часовага ўтрымання - проста сядзелі і чакалі, пакуль на нас складалі пратаколы. 20-га чысла нас вазілі ў суд і толькі пасля суду нас пачалі па камерах размяркоўваць. А да гэтага мы доўгі час стаялі ў калідорах - спачатку нам не давалі садзіцца, некалькі гадзін пратрымалі тварам да сцяны і рукамі за спіной. Некаторыя людзі не вытрымлівалі, паколькі зацякалі ногі і рукі. Праз некалькі гадзін нам дазволілі сесці - сядзелі проста ў калідоры на падлозе. Затым нас перавялі на другі паверх, дзе мы таксама то стаялі, то сядзелі на падлозе - у залежнасці ад таго, як хто зкамандуе.

Да складання пратаколу прайшло, напэўна, гадзін 16. Асабіста на мяне пратакол складалі ў дзве гадзіны. Пры гэтым усе пыталіся, за што нас затрымалі - ніхто нам на гэтае пытанне не адказваў. Нумар артыкула можна было ўбачыць толькі калі пратакол складалі.

- Як праходзіў суд над вамі?

- Сам судовы працэс быў вельмі непрацяглым па часе - не больш за 10 хвілін. Прычым суддзя ўдакладніў толькі мае дадзеныя, месца працы, і адразу пасля гэтага пытанне – ці прызнаю я сваю віну. То бок, ён не спытаў, як і што адбывалася, ніякія падрабязнасці, мабыць, яго не цікавілі. А як я ўжо казаў, на плошчы я знаходзіўся непадалёк ад Дома Урада і чуў, як білася шкло. Побач са мной стаяў малады чалавек, які пачаў крычаць "Навошта шкло біць!". Але мы зразумелі, што тым, хто біў шкло, гэта не было чуваць, таму мы стаялі і скандавалі "Не ламайце!" Я пра гэта казаў на судзе, але суддзя гэта не запісаў у пратакол - ніхто наогул увагі на гэта не звярнуў.

Дарэчы, перад судовым працэсам нас трымалі ў спецыяльнай камеры, так званым “стакане”, дзе таксама было вельмі шматлюдна і немагчыма было нават павярнуцца. З-за гэтага было вельмі цяжка дыхаць - проста не хапала паветра. Калі нас везлі ў суд у аўтазаках, там таксама былі камеры на аднаго-двух чалавек, у якія людзей проста запіхвалі рукамі. Не змяшчаліся, таму што ў аднамесную змяшчалі траіх, у двухмесную - шасцярых. Усё гэта выклікала асацыяцыі - калі ў дзяцінстве ў кніжках чытаў аб тым, як фашысты ў канцлагер людзей зганялі. Цесната, хтосьці таемна нейкія смс-кі піша ...

- У якіх умовах вы мусілі знаходзіцца падчас адміністратыўнага арышту?

- Першыя суткі нас не кармілі, першы раз пакармілі толькі на наступны дзень. Бліжэй да паўночы 20-га чысла, пасля суду, мы прайшлі медагляд, нам выдалі мыла. Таксама, дарэчы, увечары давялося доўга, гадзінамі, стаяць тварам да сцяны - пакуль медагляд па чарзе праходзілі, здавалі рэчы ... І, магчыма, ужо пасля поўначы, 21-га чысла, нас толькі па камерах рассялілі. Мы проста з ног упалі - трэба было хоць трохі паспаць, таму што да гэтага нам спаць не давалі. Хтосьці, вядома, умудраўся заснуць ў калідоры, пакуль нас трымалі там ...

Наступныя дзевяць сутак я правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня, таму што ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў месцаў не хапала. У ІЧУ на прагулкі нас не вадзілі, але ўмовы ўтрыманьня там больш-менш нармальныя былі. Хаця ўсё таксама залежыць ад паверха. Я быў на чацвёртым і на трэцім паверхах. На чацвёртым - санвузлы чыстыя, цёпла, ежа нармальная для такіх месцаў. На трэцім - ужо больш брудна, але яшчэ прымальна. Але хлопцы, якія былі на другім і першым паверхах, распавядалі, што там вельмі халодна. Тыя, хто знаходзіліся на першым паверсе, наноч пад коўдру бралі бутэльку гарачай вады, каб заснуць.

Што тычыцца супрацоўнікаў міліцыі, то некаторыя з іх проста выконвалі сваю працу. Многае, напэўна, залежыць ад іх асабістага стаўлення. Таму што былі такія, якія ўсім выглядам сваім паказвалі, што ненавідзяць нас, і не саромеліся абражаць.

- У ізалятары часовага ўтрымання вы адбылі першыя дзевяць сутак арышту, а затым?

- Калі вызвалілі частку ЦІП, адпусціўшы 10-сутачнікаў, туды перавялі, мабыць, усіх, хто заставаўся ў ІЧУ. Таму трое апошніх сутак я знаходзіўся ў ЦІП. У параўнанні з ізалятарам, там ўмовы, вядома, нашмат горшыя. Там антысанітарныя ўмовы - вельмі брудны санвузел, сцены чорныя. Драўляны насціл з узвышэннем для галавы з аднаго боку, матрацаў няма. Гэта значыць, калі трэба спаць, усе клаліся побач адзін з адным, падсцілалі вопратку, накрываліся таксама нейкай вопраткай. Я не ўяўляю сабе, калі летам чалавека туды пасадзіць - цёплых рэчаў у яго няма, легчы няма на што ... Першыя суткі я знаходзіўся ў адной камеры, большай, затым мяне перавялі ў камеру меньшую, дзе да мяне ўжо было цесна. Мы запытваліся пра прагулкі - сказалі, што нам не прадугледжаны.

- Сяргей, на што вы спадзяецеся, падаючы скаргу ў пракуратуру?

- Спадзяюся, што асобаў, якія парушалі закон, пакараюць. Хоць усё ж слаба ў гэта верыцца ... Ва ўсялякім выпадку, я павінен паспрабаваць.

- Аднак у сваёй скарзе вы не ўказваеце ніводнага прозвішча вінаватых…

- Канкрэтныя прозвішчы я б з задавальненнем адзначыў, але справа ў тым, што ўсе супрацоўнікі міліцыі былі без апазнавальных знакаў. Амапаўцы былі без пагонаў - нават іх званні не вядомы.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства