viasna on patreon

У турме інфармуюць пра здароўе вязьняў, у КДБ – не

2011 2011-01-14T09:22:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

У ізалятары КДБ адмаўляюцца інфармаваць пра мэдычны стан падсьледных па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня. Праваабаронцы лічаць гэта формай ціску на арыштантаў, прыроўненай да катаваньня.

Жонка Ўладзімера Някляева Вольга ня мае ніякіх зьвестак пра стан здароўя свайго мужа, які перад арыштам 19 сьнежня быў зьбіты да таго, што губляў прытомнасьць. Вядома, што ў турме КДБ ва Ўладзімера Някляева быў вельмі вялікі ціск, сваякі не выключаюць, што зь ім здарыўся гіпэртанічны крыз, але даведацца цяпер, як ён пачуваецца, немагчыма, бо ніякай пэўнай інфармацыі ў ізалятары па-ранейшаму не даюць, кажа Вольга Някляева:

"Сьледчы толькі сказаў, што там добрыя дзяжурныя дактары. Я запытала, ці магу я сустрэцца з гэтымі добрымі дактарамі, каб ад іх пачуць пра ягонае здароўе? Не, адказаў, ня можаце".

Нагадаю, ужо 16 дзён да экс-кандыдатаў, у тым ліку Ўладзімера Някляева, не выклікаюць адвакатаў, якія маглі б паведаміць хоць нейкія зьвесткі пра самаадчуваньне сваіх падабаронных.

Дзеля параўнаньня: у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага дзейнічае пэўная сыстэма інфармаваньня пра стан здароўя і без дапамогі адвакатаў. Раз на тыдзень, па серадах, да абеду можна прыйсьці на "Валадарку" і сустрэцца зь дзяжурным турэмным лекарам, ад якога атрымаць інфармацыю пра здароўе пэўнага вязьня, у тым ліку парады, якія яму патрэбныя лекі ў выпадку хваробы. Гэтак летась падчас працяглай галадоўкі вязьня "Валадаркі" Мікалая Аўтуховіча ягоныя сваякі рэгулярна атрымлівалі зьвесткі пра ягонае здароўе. У ізалятары КДБ, аднак, такія правілы ня дзейнічаюць, там увогуле няма ніякай сыстэмы атрыманьня мэдычнай інфармацыі. Праваабаронца Гары Паганяйла лічыць гэта грубым парушэньнем правоў вязьняў і іх сваякоў:

"Яны маюць права ведаць стан здароўя сваякоў, якія знаходзяцца ў турме. А адміністрацыя установы абавязана праінфармаваць іх аб стане здароўя іх сваякоў. Хоць кожны дзень прыходзь, абавязаны даць зьвесткі. Тым больш, вядома, што таго ж Някляева туды прывезьлі са шпіталя, з чэрапна-мазгавой траўмай. Таму занепакоенасьць жонкі Някляева Вольгі можна зразумець: адміністрацыя турмы абавязаная даць зьвесткі пра стан здароўя яе мужа.

Карэспандэнт: "У іх мусіць быць свая ведамасная інструкцыя для гэтага, ці дзейнічае агульнае правіла?"

"Мяркую, што ў іх ёсьць унутраныя інструкцыі, у якіх усё гэта расьпісана. Але праблема ў тым, што сёньня ніхто на закон не глядзіць. Прадстаўнікі ўлады робяць толькі тое, што трэба ім, і не глядзяць на правы затрыманых, іх сваякоў і адвакатаў. Паводле закону, у такім выпадку трэба скардзіцца назіраючаму пракурору, а назірае за сьледчым ізалятарам КДБ пракурор гораду альбо генэральны пракурор. І таксама можна зьвярнуцца ў суд, і праз суд абавязаць даць такую інфармацыю, а асобаў, якія вінаватыя ў яе утойваньні, пакараць".

Калі гэты рэпартаж рыхтаваўся да эфіру, на "Свабоду" пазваніла жонка кіраўніка штабу Андрэя Саньнікава Ўладзімера Кобеца і распавяла, спаслаўшыся на адваката, што яе муж у турме КДБ захварэў на бранхіт:

"Мне вядома, што ён скардзіўся, што халодная камэра, прасіў цёплыя рэчы і вось... Відаць, гэта адыграла сваю ролю".

Калі зноў да мужа дапусьцяць адваката, Ульяна Кобец ня ведае, і таксама не ўяўляе, як зараз атрымліваць зьвесткі пра стан ягонага здароўя.

Чытайце таксама

Пачалі саджаць за патрабаваньне позвы на допыт

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства