Журналісту «Коммерсантъ» адмоўлена ў акрэдытацыі пры МЗС
Як паведаміў БАЖ карэспандэнт расійскага выдавецкага дома «Коммерсантъ» Маўсун Гаджыеў (Мовсун Гаджиев), раніцай 17 студзеня ў яго адбылася тэлефонная гутарка з супрацоўнікам Міністэрства замежных спраў Беларусі, які паведаміў, што яго праца на працягу мінулага года не задаволіла беларускі бок.
«Супрацоўнік Міністэрства замежных спраў, які не пажадаў назваць свайго імя, патлумачыў, што ў маіх матэрыялах былі нейкія недакладнасці, з нагоды чаго яны вырашылі не працягваць маю акрэдытацыю ў краіне», — патлумачыў БАЖ карэспандэнт расійскага выдавецкага дома «Коммерсантъ».
Пра якія недакладнасці ідзе гаворка, журналісту не патлумачылі.
У прэс-службе МЗС прэс-службе БАЖ факт адмовы ў акрэдытацыі пацвердзілі, падкрэсліўшы, што правільная фармулёўка тут — менавіта «адмова».
Між тым, па словах журналіста, акрэдытацыя ў яго была і скончылася ў снежні, і тры апошніх тыдні ён чакаў на рашэнне МЗС.
Зараз, па словах спадара Гаджыева, яго кіраўніцтва вырашае, што рабіць у новых абставінах.
«Альбо заменяць мяне на каго іншага, альбо будзем спрабаваць яшчэ раз акрэдытавацца… У любым выпадку, выданне зацікаўленае мець у Мінску свайго карэспандэнта», — адзначыў Маўсун Гаджыеў.