viasna on patreon

22 удзельнікі акцыі салідарнасьці знаходзяцца ў Цэнтральным РАУСе Менска (дадаецца)

2011 2011-01-19T19:49:26+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/korsakdasha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Многія з затрыманых увечары 19 студзеня не пасьпелі прыняць у акцыі ўдзелу: іх затрымалі на падыходах да будынку КДБ. Агулам, як стала вядома праваабаронцам, затрымана 22 чалавекі. Зараз яны ў Цэнтральным РАУСе Менска.

Пакуль вядомыя наступныя прозвішчы:

Уладзімір Чудзянцоў, уласны карэспандэнт «Рускай службы навін»;

Міхаіл Каменеў, прадстаўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі;

Мікіта Валадзько, актор Свабоднага тэатра;

Мікалай Дземідзенка, моладзевы актывіст;

Валерый Сядоў, актывіст (ля Чырвонага Касьцёла)

Анлайн рэпартаж «Нашай нівы»

18:57. Людзі паціху разыходзяцца. Ля будынка КДБ застаюцца толькі супрацоўнікі спецслужбаў і вайскоўцы.

18:46. Затрыманы актор Свабоднага тэатра Мікіта Валадзько, які паўгадзінай раней спрабаваў паставіць свечку ля будынка КДБ.

18:35. Машыну, якой ад’язджала з акцыі Дар’я Корсак, заблакавалі на вуліцы Валадарскага. Падышоў даішнік і спрабаваў прымусіць кіроўцу выйсці з машыны, каб людзі ў цывільным забралі Дар'ю. Але хуценька падбеглі журналісты і фотакоры - і людзі ў цывільным схаваліся ў свой мікрааўтобус, а даішнік таксама збег. Машына адбіта. Дар'я ў атачэнні журналістаў ідзе да метро.

18:26. Як паведамілі відавочцы, толькі што на вуліцы Камсамольскай двое супрацоўнікаў у цывільным затрымалі высокага хлопца ў светлай куртцы з капюшонам. Скруцілі і запхнулі ў машыну.

18:25. Журналіста «Свабоды» Алега Груздзіловіча адпусцілі, папярэдне сцёршы відэа.

18:23. Бацька Насты Палажанкі Уладзімір Міхайлавіч распавёў, што атрымаў сёння ад дачкі ліст. Ліст напісаны на аркушы фармату а4, напісаны рукой дачкі, кажа Уладзімір Міхайлавіч. Ліст вельмі бадзёры, Наста дзякуе ўсім за перадачы і паштоўкі, піша, што трымаецца добра, і просіць лічыць яе ў далёкатэрміновым адпачынку ў далёкай краіне.

18:22. Колькасць тых, каму ўдалося прабіцца да будынка КДБ вырасла да 10 чалавек. Частка трымае партрэты вязняў амерыканкі. Дар’я Корсак (жонка А. Атрошчанкава) падышла са знічкай і партрэтам мужа да края праезжай часткі. Яе атачылі чатыры чалавекі ў цывільным.

18:15. Падышоў да будынка КДБ яшчэ адзін чалавек (пазней высветлілася, што гэта актор Свабоднага тэатра Мікіта Валадзько), які запаліў свечку, адразу пасля гэтага, да яго падышлі два супрацоўнікі КДБ.

Адзін вырваў свечку, а калі малады чалавек паспрабаваў вярнуць свечку, то супрацоўнік КДБ сказаў, што ў хлопца ёсць адна хвіліна, каб сысці адсюль, бо інакш ягоныя акуляры разляцяцца на дробныя кавалкі.

18:00. Пакуль перад будынкам КДБ сабралася каля двух дзясяткаў журналістаў і пакуль адна ўдзельніца акцыі — Дар’я Корсак, жонка арыштаванага Аляксандра Атрошчанкава. Яна трымае ў руках партрэт мужа. Супрацоўнікі спецслужбаў затрымліваюць меркаваных удзельнікаў акцыі на падыходах (каля гатэля «Мінск» і Макдональдса).

Вельмі шмат людзей у цывільным, шмат людзей у вайсковай форме без надпісаў на спінах і бэджаў.

Затраманы журналіст радыё «Свабода» Алег Груздзіловіч, яго павялі ў будынак КДБ.

Дар’я Корсак кажа, што не баіцца быць затрыманай, бо максімум, што ёй пагражае, гэта 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Гэта нішто, ў параўнанні з 15 гадамі, што пагражаюць майму мужу».

Супрацоўнікі КДБ паводзяць вельмі нервова, пагражаюць журналістам, што калі яны не будуць трымаць навідавоку акрэдытацыю, то ім пагражае затрыманне.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства