Лідэры "Студэнцкай Рады" змушаныя пакінуць Беларусь
Лідэры моладзевай праваабарончай арганізацыі "Студэнцкая Рада" Лізавета Яфімава і Зміцер Гамянюк пакінулі Беларусь па палітычных матывах.
Лізавета і Зміцер
заявілі Еўрарадыё, што адчуваюць пагрозу асабістай бяспекі. 20 студзеня ў
кватэры, дзе яны жылі, прайшоў ператрус у рамках крымінальнай справы аб
"масавых беспарадках". У адпаведнасці з прад'яўленым супрацоўнікамі
КДБ пастановай пра ператрус, Гамянюк можа быць пераведзены ў статус
падазраванага.
Ціск дзяржструктураў лідэры "Студэнцкай Рады" звязваюць са сваёй
актыўнай грамадскай дзейнасцю. Перад выбарамі яны з'яўляліся ініцыятарамі і
каардынатарамі кампаніі "Студэнт! Абарані свой голас!" супраць прымусу
да датэрміновага галасавання. Пасля выбараў збіралі інфармацыю пра студэнтаў,
якім магла спатрэбіцца падтрымка ў выпадку адлічэння за ўдзел у падзеях 19
снежня.
У справядлівае і бесстаронняе расследаванне яны не вераць. "19 снежня быў
пастаўлены крыж на існаванні прававой дзяржавы ў Беларусі, і даказаць сваю
невінаватасць будзе практычна немагчыма. Менавіта таму мы былі вымушаныя часова
пакінуць сваю родную краіну", — адзначылі Яфімава і Гамянюк.
Аднак гэта, па іх словах, не азначае спынення грамадскай дзейнасці "па
дэмакратызацыі Беларусі".