Валянцін Стэфановіч: “Рукамі Мінюста ажыццяўляюцца спробы заткнуць рот адвакацкай супольнасці”
16 лютага з’явілася інфармацыя пра тое, што Кваліфікацыйная камісія Міністэрства юстыцыі прыняла рашэнне пра пазбаўленне ліцэнзіі шэрагу адвакатаў – адвакатаў Ірыны Халіп Уладзіміра Тоўсціка і Тамару Гараеву, адваката Алеся Міхалевіча Алега Агеева і яго маці адваката Таццяну Агееву.
У сітуацыі з адвакатамі Ірыны Халіп Мінюст абгрунтоўвае пазбаўленне ліцэнзіі адмовай ад абароны падабароннага. Аднак, як вядома праваабаронцам, Уладзімір Тоўсцік не адмаўляўся ад абароны Ірыны Халіп, а яна пад уздзеяннем КДБ сама адмовілася ад адваката.
- Больш за тое, адвакат Тоўсцік зараз абскарджвае адхіленне яго як адваката ад вядзення справы Халіп, таму што адмову ад адваката і яго адхіленне з такой фармулёўкай ад справы адбылося з парушэннямі працэсуальных нормаў, - каментуе сітуацыю праваабаронца Валянцін Стэфановіч. - Я мяркую, што і адвакат Тамара Гараева, якая таксама пазбаўлена ліцэнзіі за адмову ад абароны, зрабіла гэта не па сваім асабістым жаданні.
Што датычыць адвакатаў Алега Агеева і Таццяны Агеевай, то “па дзіўнаму збегу абставінаў” яны з’яўляюцца сябрамі Прэзідыума Менскай гарадской калегіі адвакатаў. І тут дарэчы згадаць нядаўнюю гісторыю пра тое, што Мінюст ставіў пытанне пра дысцыплінарную адказнасць некаторых адвакатаў, у прыватнасці, пра прыпыненне ліцэнзіі адваката Паўла Сапелкі і мэтазгоднасць яго сяброўства ў Прэзідыуме Менскай гарадской калегіі адвакатаў. Усе чатыры адвакаты выступалі абаронцамі фігурантаў справы аб масавых беспарадках. І кіраўніцтва Менскай гарадской калегіі адвактаў адмовілася якім-небудзь чынам караць гэтых адвакатаў, заявіўшы пра тое, што ў іх дзеяннях няма парушэнняў заканадаўства і, адпаведна, падставаў для прыцягнення іх да адказнасці.
- Усе гэтыя дзеянні Міністэрства юстыцыі звязаныя менавіта з жаданнем аказаць ціск на адвакатаў Менскай гарадской калегіі ў у цэлым. Да ўсяго яшчэ згадаю, што зараз змяніліся, сталі больш жорсткімі, патрабаванні да асобаў, якія прэтэндуюць на працу адвакатаў, а таксама тое, што Міністэрства юстыцыі распрацоўвае новыя правілы адвакацкай этыкі (што само па сабе вельмі цікава, бо не адвакацкая супольнасць займаецца гэтым, а Мінюст – рэгіструючы і кантралюючы орган!). І некаторыя палажэнні новага дакумента выклікаюць вельмі сур’ёзную занепакоеннасць. Напрыклад, тое, што адвакаты павінны ўзгадняць усе інтэрв’ю, то бок фактычна браць дазвол на стасункі са СМІ ў кіраўніцтва калегіі. І калі ў сваіх інтэрв’ю яны будуць дапускаць нейкія выказванні, якія можна будзе расцэньваць як перадузятыя, якія дыскрэдытуюць дзейнасць праваахоўных органаў, - усё гэта будзе расцэньвацца як паводзіны нявартыя звання адваката, што ў прынцыпе можа пацягнуць за сабой дысцыплінарную адказнасць і пазбаўленне адвакацкай ліцэнзіі, - мяркуе В.Стэфановіч.
Па словах праваабаронцы, на працягу апошніх месяцаў фактычна назіраецца працэс, калі рукамі Міністэрства юстыцыі робяцца спробы заткнуць рот адвакацкай супольнасці і стварыць перашкоды адвакатам у ажыццяўленні іх прафесійнай дзейнасці, у тым ліку і па абароне правоў чалавека.