Пра праведзены ператрус гаспадыня кватэры даведалася толькі на наступны дзень
У пасёлку Бялынічы Магілёўскай вобласці 17 лютага на кватэры Алега Мяцеліцы быў праведзены ператрус у адсутнасць гаспадароў. Жонка грамадскага актывіста Наталля Мяцеліца, якая з’яўляецца ўласніцай кватэры, пра ператрус даведалася толькі сёння.
Наталля распавяла, што зараз у кватэры са згоды гаспадароў часова пражывае іх сваяк. Пакой, у якім захоўваюцца рэчы сям’і Мяцеліцаў, быў зачынены на замок. Падчас правядзення ператрусу, па ўсім відаць, замок быў узламаны, а ў кватэры знаходзіўся пастаялец і двое суседзяў у якасці панятых. Па словах гаспадыні, спецслужбы працавалі акуратна, не пакінуўшы пасля сябе ніякага бардака.
Пасля таго, як Наталля Мяцеліца даведалася пра ўчорашні ператрус у сваёй кватэры, яна пачала прадпрымаць меры, каб высветліць хоць нейкія абставіны.
- Ператрус праводзіў старэйшы лейтынант Брыль Яўген Пятровіч са Шклоўскага міжраённага аддзелу УКДБ па Магілёўскай вобласці. Пастановы я не бачыла. Нічога ўцямнага я так і не даведалася. Ён толькі паведаміў мне, што даручыў яму гэта Батвінкоў Канстанцін Віктаравіч - следчы, які зараз, як я зразумела, камандзіраваны ў Менск для расследвання гэтай крымінальнай справы. Батвінкоў па тэлефоне мне таксама нічога не сказаў – спаслаўся на тое, што не ведае, хто насамрэч яму тэлефануе. Маўляў, я магу быць зусім і не я, бо і голасу майго не ведае, - распавядае Наталля Мяцеліца.
У пратаколе толькі пазначана, што ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы № 10011110362 [крымінальная справа аб масавых беспарадках 19 снежня ў Менску]. Кім ён быў санкцыянаваны, гаспадыні кватэры так ніхто з яе сённяшніх суразмоўцаў і не сказаў.