Выстаўленая прэзідэнцкай адміністрацыяй сума шкоды аплочана
21 лютага па даручэнні беларускіх грамадзянаў намеснік старшыні "Вясны" Валянцін Стэфановіч, кіраўнік Фонду развіцця прававых тэхналогій Алена Танкачова і намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец аплацілі суму матэрыяльнай шкоды, выстаўленую Адміністрацыяй Прэзідэнта ў судовым пазове да фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня ў Менску.
Валянцін Стэфановіч паведаміў, што плацёжны дакумент праваабаронцы перадалі ў юрыдычны аддзел галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Адміністрацыі прэзідэнта.
- Начальнік аддзела Лемеш сказаў нам, што калі на працягу сённяшняга дня грошы паступяць на іх рахунак, то заўтра ў судзе ён здыме грашовыя прэтэнзіі. Я мяркую, што з паступленнем аплаты праблемаў не будзе, паколькі мы ўносілі яе ў галаўным аддзяленні “Беларусбанка”, - зазначыў В.Стэфановіч.
Заўтра, 22 лютага, а 10-ай гадзіне ў судзе Маскоўскага раёну Менску пачнецца працэс над грамадзянамі РФ Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэусам, якія абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 КК – “удзел у масавых беспарадках”.
Нагадаем, што сума судовага пазову прэзідэнцкай адміністрацыі складае 14 млн. 48 тыс. рублёў. Першапачаткова сума пашкоджанняў была завышана прыблізна ўдвая.