viasna on patreon

У справе расійскіх грамадзянаў Арцёма Брэуса і Івана Гапонава перапынак на сем дзён

2011 2011-02-22T16:54:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/breusigaponau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Іван Гапонаў і Арцём Брэус у судовай залі 22.01.2011

Іван Гапонаў і Арцём Брэус у судовай залі 22.01.2011

Дзяржаўны абвінаваўца Сяргей Кунас заявіў хадайніцтва пра перапынак у судовым працэсе на 7 дзён, да 1 сакавіка, – для перапрад’яўлення абвінавачання. Суддзя Любоў Сямахіна хадайніцтва задаволіла.

На думку праваабаронцаў, абвінавачванне Арцёму Брэусу і Івану Гапонову будзе больш мяккім. Меркавана гэта могуць быць арт. 342 ч.1 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"; прадугледжвае пакаранне да пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў) або арт. 339 ч.2 ("Хуліганства"; прадугледжвае пакаранне да пазбаўлення волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў) Крымінальнага кодэкса РБ.

Першапачатковае абвінавачванне па ч. 2 арт.293 КК - "удзел у масавых беспарадках" - прадугледжвала пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

***

У судзе Маскоўскага раёну Менску распачаўся працэс па справе Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. Суддзя – Любоў Сямахіна.  Дзяржаўны абвінаваўца - старэйшы памочнік пракурора Маскоўскага раёну Менску Сяргей Кунас.

Прадстаўнікі ПЦ “Вясна” прысутнічаюць на працэсе. Праваабаронцы адзначаюць, што ў залі знаходзяцца расійскія дыпламаты, прадстаўнікі амбасадаў ЗША і Нямеччыны, а таксама шмат расійскіх і замежных журналістаў.

Падчас першай паловы працэсу суддзя і пракурор апыталі Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. І адзін і другі адмаўляюць сваю віну. Не адмаўляюць пры гэтым самога ўдзелу ў дэманстрацыі, кажуць, што выкрыквалі лозунгі “Жыве Беларусь!” і “Сыходзь!”. Як зазначае Алесь Бяляцкі, атрымліваецца, што маладыя людзі падчас акцыі знаходзіліся не зусім на ганку Дома ураду і не маюць адносінаў да выламвання дзвярэй Дома ўраду. Сведкі сцвярджаюць, што Брэус і Гапонаў нападалі на спецназаўцаў і білі іх па шчытах.    

У якасці сведкаў былі дапытаныя два супрацоўнікі ГУВД Менгарвыканкаму, якія стаялі ў ачапленні і бралі ўдзел у захопе дэманстрантаў – Алег Дударчык і Аляксандр Якаўлеў.

Па словах А.Бяляцкага, блытаніну ў паказаннях сведкаў-міліцыянтаў заўважылі і суддзя і адвакаты. Адзін з іх, Якаўлеў, як высвятляецца, увогуле амаль нічога не памятае.

- Відавочна, што яны складалі пратаколы па разнарадцы. Бо пратаколы адміністратыўнага затрымання адрозніваюцца ад тлумачэнняў падчас следства па крымінальнай справе. Магчыма, міліцыянты наглядзеліся відэа альбо сказалі так, як ім загадалі, - мяркуе Алесь Бяляцкі. - А што датычыць хлопцаў, то яны, абодва расіяніна, выглядаюць сапраўднымі грамадзянамі, больш сведамымі і актыўнымі за некаторых беларусаў.     

Грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў былі затрыманы 19 снежня пры разгоне акцыі пратэсту на Плошчы і напачатку асуджаныя на 10 сутак арышту. Пасля адбыцця адміністратыўных тэрмінаў 29 снежня былі зноў затрыманыя ў межах крымінальнай справы і змешчаны пад варту. Утрымліваліся ў СІЗА па вул.Валадарскага. Абодва абвінавачваюцца па ч.2 арт. 293 КК – “удзел у масавых беспарадках”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства