Вярхоўны Суд Беларусі адмовіўся разглядаць скаргу Аляксандра Казуліна і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада", якія трабавалі прызнаць мінулыя прэзыдэнцкія выбары несапраўднымі.
Як пацьвердзілі ў Вярхоўным Судзе Беларусі, там адмовіліся прыняць да разгляду скаргу былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна наконт мінулых прэзыдэнцкіх выбараў. "Гэтая скарга суду непадведамасная", — патлумачыла прэсавы сакратар Вярхоўнага Суду Анастасія Цымановіч радыё Свабодзе.
Нагадаем, Аляксандар Казулін скардзіўся на тое, што падчас выбараў дзейная ўлада дапусьціла шматлікія парушэньні Канстытуцыі й Выбарчага кодэксу. Паводле былога кандыдата на прэзыдэнта і ягоных калегаў па Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі "Грамада", выбары трэба прызнаць несапраўднымі. Тое, што скарга нават не прынята да разгляду, у "Грамадзе" назвалі фарсам. У перадвыбарчым штабе Аляксандра Казуліна да гэтага камэнтару далучаюцца. Прэсавы сакратар штабу Ніна Шыдлоўская мяркуе, што рашэньне Вярхоўнага Суду не грунтуецца на законе: "Тое, што Вярхоўны Суд адмовіў у разглядзе скаргі аб прызнаньні выбараў несапраўднымі, яшчэ раз засьведчыла, што ў краіне няма падзелу галінаў улады, Вярхоўны Суд не зьяўляецца незалежным".
Сам былы кандыдат Аляксандар Казулін, які скардзіўся ў Вярхоўны Суд, знаходзіцца над вартай у Жодзінскім сьледчым ізалятары, куды яго зьмясьцілі 25 сакавіка. Казуліна абвінавачваюць у злосным хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў, яму пагражае да 6 гадоў турмы. Як стала вядома ад адваката Казуліна Ігара Рынкевіча, 4 красавіка дактары правялі экспэртызу стану здароўя Аляксандра Казуліна, але вынікі гэтай экспэртызы пакуль невядомыя.
Нагадаем, Аляксандар Казулін падчас затрыманьня быў зьбіты, яму моцна баляць сьпіна і нага. Дактары прадпісалі Аляксандру Казуліну пасьцельны рэжым.