Аналітычны агляд судовага працэсу па крымінальнай справе Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. Дзень першы
22 лютага 2011 г. у судзе Маскоўскага раёна г.Мінска распачаўся працэс па разгляду крымінальнай справы, прадугледжанай ч. 2 арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь (“масавыя беспарадкі”) ў дачыненні да двух грамадзянаў Расійскай Федэрацыі Гапонава Івана і Брэуса Арцёма. Суд праходзіў пад старшынствам судзі Любові Сямахінай з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы памочніка пракурора Пракуратуры Маскоўскага раёна г. Мінска Сяргея Кунаса. У якасці абаронцаў у судзе прымалі ўдзел адвакат Казак, якая прадстаўляла абарону А. Брэуса, і адвакат Сяргеева, якая прадстаўляла абарону І. Гапонава. Інтарэсы грамадзянскага ісца, які выступаў ад імя ГГУ “Адміністрацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, прадстаўляў Лепеш Дзмітрый Валер’евіч.
Трэба адзначыць, што судзя Л. Сямахіна рашэннем Еўрапейскай камісіі ўнесена ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза, паколькі яна прымала ўдзел у незаконным прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці асобаў, якія былі затрыманы 19 снежня 2010 г., за іх удзел у мірнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыяў выбараў на пл. Незалежнасці ў Мінску.
Судовае расследванне распачаў дзяржаўны абвінаваўца, які ў сваім выступе абгрунтаваў дзяржаўнае абвінавачванне ў тым, што быццам бы спадары Брэус і Гапонаў у групе асобаў па папярэдняй змове прымалі ўдзел у масавых беспарадках. Зыходзячы з пазіцыі абвінавачвання, Брэус і Гапонаў па змове з іншымі ўдзельнікамі масавых беспарадкаў аказвалі ўзброены супраціў, спрабавалі прарваць ацапленне з міліцыі, выкарыстоўваючы падручныя сродкі, нанеслі супрацоўнікам унутраных спраў удары нагамі, а таксама сваімі дзеяннямі прычынілі шкоду дзяржаўнай маёмасці на суму больш за 29 мільёнаў беларускіх рублёў.
Спадары Гапонаў і Брэус не прызналі віну цалкам.
Пасля непрызнання віны суд перайшоў да допыту абвінавачаных.
Судом быў
дапытаны першым Іван Гапонаў.
Іван Гапонаў
паказаў, што ён не знаёмы з Брэусам,
прыехаў 19.12.2010 г. на
Кастрычніцкую плошчу ў раёне 20.00, ведаючы, што там павінен адбыцца мітынг
апазыцыі, пра які ён даведаўся з розных СМІ. На плошчы сп. Гапонаў пабачыў
розныя сцягі. Апісваючы свае дзеянні на Кастрычніцкай плошчы, спадар Гапонаў паведаміў, што ён
выкрыкваў лозунг “Жыве Беларусь!”.
Таксама Гапонаў паведаміў, што на плошчы было вельмі шмат людзей, заклікаў з боку супрацоўнікаў міліцыі
пакінуць плошчу ён не чуў. Затым дэманстранты выйшлі на презжую частку і Гапонаў
разам з усімі дэманстрантамі накіраваўся на пл. Незалежнасці. Спадар Гапонаў
патлумачыў, што ён не бачыў,
каб хтосьці кіраваў дэманстрантамі, раздаваў загады. Калі Гапонаў прыйшоў на пл. Незалежнасці, то
знаходзіўся паміж помнікам Леніну справа
і ўваходам у будынак Дома Ураду. Праз
некаторы час ён пачуў гук разбіваючагася шкла і, зацікавіўшыся,
вырашыў падыйсці бліжэй да
ўваходу ў Дом Ураду. Гапонаў
паведаміў, што ён не бачыў,
хто і калі біў шкло дзявярэй
будынка. Таксама Гапонаў паведаміў у судзе, што ён не бачыў у руках дэманстрантаў нейкіх прыстасаванняў
для гвалтоўных дзеянняў. Затым з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, якія пачалі адціскаць людзей ад дзвярэй Дома Ураду, ў працэсе чаго Гапонаў апынуўся ў першым шэрагу паміж дэманстрантамі і ланцугом
супрацоўнікаў міліцыі. Незнаёмыя людзі ўзялі яго за рукі. Ён не меў магчымасці сыйсці, паколькі ззаду іх падпіраў натоўп
удзельнікаў мітынгу. Спадар Гапонаў спрабаваў як мага далей трымацца да
супрацоўнікаў міліцыі. Таксама ён
заявіў, што не спрабаваў прарваць
ланцуг міліцыі, не наносіў удары супрацоўнікам міліцыі сам і не бачыў, каб такія дзеянні рабілі іншыя ўдзельнікі мірнага мітынгу. На пытанне дзяржаўнага абвінаваўцы
патлумачыў, што не бачыў у руках удзельнікаў мітынгу дубінак, іншых
прыстасаванняў для гвалтоўных дзеянняў, а таксама бутэлек з вадкасцю.
Далей суд перайшоў да допыту Арцёма Брэуса.
Арцем Брэус
давёў у судзе, што з
Гапонавым не знаёмы. Каля
20.00 ён гуляў у раёне пл. Кастрычніцкай у Мінску і заўважыў там вялікі натоўп людзей са
сцягамі і, зацікавіўшыся, падыйшоў да людзей, дзе
даведаўся, што гэта адбываецца мітынг у сувязі са сканчэннем выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Затым
удзельнікі мітынга накіраваліся ў бок пл. Незалежнасці, і Брэус пайшоў разам з дэманстрантамі. Брэус таксама разам з іншымі дэманстрантамі выкрыкваў лозунг “Жыве
Беларусь!”. Ніякіх прыстасаванняў у выглядзе ломікаў, сякераў,
ледабураў не бачыў. Пасля прыходу на пл. Незалежнасці ён знаходзіўся ў 70-ці метрах ад уваходу ў Дом Ураду.Там жа стаяла
шмат іншых удзельнікаў мітынгу. Пазней Брэус пачуў гук ад біцця
шкла, але ён не бачыў, хто і чым біў шкло на ўваходных
дзвярах Дома Ураду і праз цікаўнасць падыйшоў бліжэй. Спадар Брэус зноўку пацвердзіў, што не бачыў у
дэманстрантаў нейкіх
прыстасаванняў для гвалтоўных дзеянняў, а таксама бутэлек з вадкасцю.
Затым побач з дзвярыма Дома Ураду выстраіліся супрацоўнікі спецназу, якія пачалі адціскаць натоўп. Людзі пачалі адыходзіць і заклікаць супрацоўнікаў міліцыі не ўжываць гвалт, а падтрымаць беларускі народ. Супрацоўнікі міліцыі пачалі біць у шчыты, і менавіта таму натоўп пачаў ісці наперад. Сам Брэус не наносіў удараў па супрацоўніках міліцыі, а таксама не бачыў, каб такія ўдары наносілі іншыя ўдзельнікі мітынгу. Натоўп некалькі разоў, падпіраючы ззаду, ішоў наперад да ланцуга міліцыі, а затым адыходзіў назад. Увесь час Брэус быў заціснуты натоўпам і, як яму падавалася на момант апісваемых падзеяў, не мог пакінуць натоўп. У адзін з момантаў Брэуса падхапілі за рукі і натоўп пайшоў наперад. Калі натоўп з Брэусам наблізіўся да супрацоўнікаў міліцыі, яму нанеслі ўдар гумавай дубінкай па галаве. У яго пацякла кроў, ён страціў прытомнасць і быў аднесены невядомымі яму асобамі ўбок на прыступкі ўглыб пл. Незалежнасці. Там ён самастойна спрабаваў спыніць кроў, якая цякла з галавы. Спадар Брэус падкрэсліў, што ён звярнуў увагу на тое, што як толькі супрацоўнікі міліцыі адыйшлі, удзельнікі акцыі спынілі актыўныя дзеянні і не імкнуліся пранікнуць у будынак Дома Ураду.
Затым супрацоўнікі міліцыі вярнуліся і пачалі браць удзельнікаў акцыі ў кола. А. Брэус падыйшоў да супрацоўнікаў міліцыі і папрасіў, каб яго адпусцілі з плошчы, паколькі ён атрымаў цяжкую траўму галавы. У адказ на такую просьбу ён атрымаў паўторны ўдар дубінкай па галаве, а затым быў затрыманы і пасаджаны ў спецыяльны транспарт.
Важным момантам з’яўляецца тое, што Арцём Брэус паказаў, што падчас папярэдняга следства следчыя патрабавалі, каб ён агаварыў лідэраў апазыцыі, якія быццам бы прапаноўвалі яму грошы за ўдзел у мітынгу. У адваротным выпадку Брэусу пагражалі фізічным уздзеяннем. Гэты факт яскрава сведчыць, што следчыя падчас папярэдняга следства груба парушалі закон і спрабавалі ажыццявіць агавор, карыстючыся страхам затрыманага перад фізічным пакараннем. Такія дзеянні таксама павінны кваліфікавацца як катаванні.
Таксама Брэус давёў, што за ўдзел у мітынгу ён быў прыцягнуты да адміністратыўнага пакарання ў выглядзе арышту тэрмінам на 15 сутак, а затым Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь змякчыў гэтае пакаранне, абмежаваўшы яго 10-цю суткамі адміністратыўнага арышту.
Трэба адзначыць, што паказанні абвінавачаных былі паслядоўнымі і праўдзівымі, што затым пацвердзілася допытам сведкаў, а таксама праглядам відэаматэрыялаў следства.
Затым суд
перайшоў да разгляду грамадзянскага іску ў межах крымінальный справы.
Грамадзянскі
ісцец у крымінальным працэсе па справе Гапонава і Брэуса быў той жа, што і ў
папярэднім судовым працэсе па абвінавачванні В. Парфянкова. Галоўным
гаспадарчым упраўленнем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў
заяўлены грамадзянскі іск аб матэрыяльнай кампенсацыі нанесенай шкоды ў памеры
29 млн. рублёў.
21 лютага 2011 г. абвінавачаныя Брэус і Гапонаў атрымалі ўдакладненні да грамадзянскага іску, згодна з якімі сума паводле калькуляцыі склала 14 140 000 рублёў. У гэтую суму ўвайшлі выдаткі на ўстаноўку шкла ў шасці вокнах і ўваходных дзвярах, адной вадасцёчнай трубы і аднаўленне дэкаратыўнага кустарніку. Грамадзянскі іск у судзе прадстаўляў начальнік юрыдычнага адзела Галоўнага упраўлення Лепеш Дзмітрый Валер’евіч. На пачатку судовага працэсу Лепеш удакладніў іскавыя патрабванні і адзначыў, што 21 лютага яму была перададзена квітанцыя аб аплаце ўказанай матэрыяльнай шкоды. На пытанне суддзі аб тым, ці падтрымлівае ён заяўлены грамадзянскі іск, Дз. Лепеш заявіў суду, што будзе прымаць рашэнне, калі грашовыя сродкі паступяць на рахунак Упраўлення.
Пасля допыту сведкаў, вывучэння пісьмовых матэрыялаў па справе і прагляду відэаматэрыялаў суддзя ізноў вярнулася да пытання грамадзянскага іску. На пытанне суддзі, ці падтрымлівае ісцец заяўленыя раней іскавыя патрабаванні, Дз. Лепеш заявіў аб адкліканні грамадзянскага іску ў сувязі з пагашэннем матэрыяльнай шкоды.
Важным з’яўляецца тое, што сродкі для пагашэння іску былі сабраныя дабраахвотна грамадзянамі, па даручэнні якіх праваабаронцы В.Стэфановіч, А.Танкачова і А.Бастунец пералічылі грошы на рахунак ісца, што надалей павінна разглядацца судом як смякчаючыя абставіны ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных пры разглядзе крымінальных справаў.
Допыт сведкаў
Сведкамі па справе выступілі супрацоўнікі ПМСП ГУУС Мінгарвыканкама Дударчык Алег Пятровіч і Якаўлеў Аляксандр Мікалаевіч. Абодва з’явіліся па выкліку ў судовае паседжанне.
Першым у судовым
працэсе быў дапытаны сведка Дударчык
А.П.
На пытанні
прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачання ён патлумачыў суду, што 19 снежня 2010 г. нёс службу па ахове
грамадскага парадку. Прыкладна ў 22.00 –22.30 па рацыі яго падраздзяленню
паведамілі, што натоўп на пл. Незалежнасці пачаў біць шкло ў будынку Дома Ураду.
Яны накіравлаіся да ўваходу Дома Ураду і сталі ланцугом перад ім, чакаючы
далейшых указанняў. Паводле сведкі, першыя хвіліны было спакойна, але потым 3-4
першыя шэрагі дэманстрантаў накінуліся на міліцыю з мэтай прарвацца ў будынак
Дома Ураду. Усе адначасова пачалі наносіць удары рукамі, нагамі і адабранымі ў
супрацоўнікаў міліцыі гумавымі дубінкамі. Іншых прадметаў у руках дэманстрантаў
ён не бачыў (ледарубаў, сякераў і г.д.), што цалкам пацвярджае паказанні Брэуса
і Гапонава. Паводле сведкі, дэманстранты дзейнічалі ўзгоднена, але нейкіх
камандаў для дэманстрантаў ён не чуў. Брэус, паводле сведкі, быў у першых
шэрагах і наносіў удары па шчытах яго калегаў як мінімум двойчы. Гапонава бачыў
пазней у іншай частцы натоўпу (ужо каля Чырвонага касцёлу), ён таксама наносіў
удары па шчытах міліцыянераў. Паводле сведкі, пазней, калі актыўных удзельнікаў
узялі ў кола, ён ажыццяўляў затрыманне і Брэуса і Гапонава. Прычым у дачыненні
да Гапонава сведка Дударчык складаў рапарт аб адміністратыўным правапарушэнні і
размаўляў з ім у будынку Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў. Гапонаў на гэта
адзначыў, што такога супрацоўнкіа міліцыі ён не памятае.
У рапарце Дударчык напісаў, што Гапонаў удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і выкрыкваў антыдзяржаўныя лозунгі “Сыходзь!” і “Жыве Беларусь!”. На пытанне адваката, чаму ён тады не адлюстраваў усю інфармацыю аб дзеяннях Гапонава (што наносіў удары па шчытах і г.д.) Дударчык сказаў, што тады гэта было не важна.
Дударчык дапамагаў свайму калегу Якаўлеву затрымліваць Брэуса. Таго, што ў Брэуса была разбітая галава, ён не бачыў, хто нанёс яму другі удар па галаве, калі Брэус прасіў дазволіць яму сыйсці па прычыне атрымання траўмы, таксама не бачыў. У паказаннях Дударчыка, якія ён даваў падчас папярэдняга следства і ў судзе, былі разыходжанні па часе апісваемых падзеяў. У сувязі з гэтым судом былі агучаныя ягоныя паказанні ў пратаколе допыту ў гэтай частцы.
Сведка Якаўлеў Аляксандр Мікалаевіч, супрацоўнік ПМСП ГУУС Мінгарвыканкама. Паводле яго паказанняў, грамадзяне намагаліся пранікнуць у Дом Ураду, наносілі ўдары па шчытах і супрацоўніках міліцыі рукамі і нагамі, вудамі. Бутэлек, ледарубаў не бачыў. На пытанне, ці ведае ён абвінавачаных, сказаў, што ведае і пры гэтым, паказаўшы на Гапанова, сказаў, што гэта Брэус. Сведка адзначыў, што назіраў Гапонава і Брэуса (у адрозненне ад паказанняў першага сведкі, які сказаў што назіраў іх па чарзе і ў розных месцах). Паводле Якаўлева, ні Брэуса, ні Гапонава ён фізічна не затрымліваў (не вёў за рукі). Усе затрыманыя былі ўзятыя ў кола і самі ішлі ў спецтранспарт. У паказаннях сведкі, якія ён даў на судзе, былі сур’ёзныя разыходжанні з паказаннямі, якія ён даваў падчас папярэдняга следства, у частцы часу падзеяў і апісання дзеянняў Гапонава і Брэуса, а таксама несупадзенні з паказаннямі другога сведкі Дударчыка. У сувязі з гэтым суддзя агалошвала пісьмовыя паказанні Якаўлева, якія былі ў справе. Сведка патлумачыў гэтыя разыходжанні тым, што ён не памятае тых падзеяў, бо прайшло шмат часу.
Паказанні сведкаў у цэлым былі супярэчлівымі, не адпавядалі матэрыялам адміністратыўнай справы, былі непаслядоўнымі. Сведкі ўвесь час спасылаліся на тое, што нічога не памятаюць. Таксама паказанні сведкаў супярэчылі іх жа паказанням, якія яны давалі ў працэсе папярэдняга следства.
У праваабароцаў склалася ўражанне, што сведкі давалі ілжывыя паказаніі, якія не могуць быць падставай для прыцягнення абвінавачаных да адказнасці.
Пісьмовыя матэрыялы па справе. Пасля допыту сведкаў былі зачытаныя пісьмовыя матэрыялы па справе: пратаколы агляду месца здарэння, вынікі экспертызы. Згодна з пратаколамі агляду месца задарэння, перад будынкам Дома Ураду былі знойдзеныя дзве шумавыя гранаты, ледарубы, паляўнічая сякера, ручкі драўляныя ад рыдлёўкі. Згодна з праведзенай экспертызай, шумавыя гаранаты не адносяцца да катэгорыі выбуховых рэчываў, а іншыя прадметы не адносяцца да халоднай зброі, бо ўсе яны вырабленыя вытворчым спосабам. На некаторых з іх ёсць адбіткі пальцаў, якія, аднак, не падлягаюць ідэнтыфікацыі, на іншых адбіткі пальцаў адсутнічаюць увогуле.
Прагляд відэаматэрыялаў. У справе быў дыск з двума відэафайламі з аператыўнай здымкай падзеяў. Яны былі прагледжаныя ў судовым паседжанні. У сувязі з тым, што гук быў выключаны і тэлевізар быў павёрнуты толькі да ўдзельнікаў працэсу, у прысутных у судзе не было магчымасці іх бачыць. Суддзя і пракурор спынялі відэа ў момантах, калі там былі зафіксаваныя Гапонаў і Брэус, і задавалі ўдакладняючы патынні адносна характару іх дзеянняў. Па гэтых пытаннях можна зрабіць высновы, што відэа не ўтрымлівае кадраў, якія б пацвярджалі ўдзел абвінавачаных у інкрыменуемых ім дзеяннях (падпалы, пагромы, узброены супраціў супрацоўнікам міліцыі і г.д.), а ўсяго толькі зафіксавалі іх прысутнасць у першых шэрагах дэманстрантаў. На пытанне пракурора, ці мог Брэус пакінуць плошчу, ён адказаў, што зараз на відэа ён бачыць, што такая магчымасць у яго была, але тады ён не мог ацаніць адпаведна сітуацыю. Аркамя таго, відэа зафіксавала, што ў 22.35 на плошчы было ўсё спакойна і ніякіх эксцэсаў не адбывалася, ў той час як, згодна з рапартамі, складзенымі сведкамі ў межах адміністратыўнага працэсу, адносна часу затрымання Гапонава і Брэуса ўказана 22.30.
Хадайніцтва пракуратуры. Пасля заканчэння судовага следства пракурор заявіў хадайніцтва аб сямідзённым перапынку ў працэсе для перапрад’яўлення абвінавачання, якое будзе істотна адрознівацца ад папярэдняга. Працэс працягнецца 1 сакавіка 2011 г.
Высновы. Судовы працэс паказаў, што прадстаўленая следствам доказная база відавочна не даказвае віны абвінавачаных у здзяйсненні злачынства, адлюстраванага ў абвінаваўчым заключэнні. Менавіта таму пракуратура заявіла хадайніцтва аб перапынку для перапрад’яўлення абвінавачання. На нашую думку, пракуратура можа прад’явіць новае абвінавачанне па больш мяккіх артыкулах Крымінальнага кодэкса – у хуліганстве (арт. 339 КК) ці групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК).
Аднак у выніку маніторныгу дадзенага крымінальнага працэсу Праваабарончы цэнтр “Вясна” прыходзіць да высноваў аб адсутнасці ў дзеяннях Арцёма Брэуса і Івана Гапонава прыкметаў крымінальнага злачынства наогул і настойвае на іх неадкладным вызваленні.