Былы амбасадар Польшчы Марыюш Машкевіч па-ранейшаму застаецца ў аддзяленьні рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі першага гарадзкога клінічнага шпіталю
Палатны лекар Марыюша Машкевіча Аляксей Ляшэнка дакладны дыягназ па тэлефоне назваць адмовіўся — мэдычная таямніца. Але пра ўмовы ўтрыманьня, адчуваньне спадара Машкевіча распавёў: ён ляжыць у асобнай палаце, дзе кругласуткава дзяжурыць мэдсястра, пад дзьвярыма знаходзіцца міліцыянт. Лекар-рэаніматолаг дадаў, што з былым польскім амбасадарам здарыўся псіхаэмацыйны стрэс і яму трэба не толькі лячыцца, але і далей абсьледавацца: "Ёсьць сучасныя метады абсьледаваньня сэрца. Безумоўна, яму неабходна абсьледавацца — тым больш, у ягоным узросьце, калі ёсьць такое захворваньне".
Адна дасьведчаная медсястра распавяла Радыё Свабода крыху болей пра захворваньне Машкевіча: "У яго пацьвярджаецца дробнаачаговы інфаркт. І яго трымаюць у рэанімацыі не таму, што месцаў няма ў інфарктным аддзяленьні, — гэта няпраўда. Там сапраўды дробнаачаговы інфаркт. Тым часам добра, што ён трапіў у рэанімацыю, а не ў звычайнае аддзяленьне. У рэанімацыі ёсьць медсястра ў кожнай палаце — яна пастаянна знаходзіцца з хворым побач. Дробнаачаговы інфаркт лякуецца. Прычым, магчыма ён зарубцуецца і назаўсёды. Калі б, ня дай Бог, там быў трансмуральны інфаркт, які праз усю сьценку міякарда праходзіць, то гэта было б небясьпечна. А так, я думаю, пагрозы для жыцьця няма".
Наведнікаў у рэанімацыю не пускаюць — гэта агульнае правіла. Але, з дазволу Міністэрства аховы здароўя, да Машкевіча пусьцілі польскага консула.
5 красавіка прэм'ер-міністар Польшчы Казімеж Марцінкевіч заклікаў Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Марыюша Машкевіча. Свае захады робіць і амбасада Польшчы ў Рэспубліцы Беларусі — цьвердзіць прэс-аташэ Моніка Садкоўска: "Мы накіравалі ў МЗС Беларусі ноту, у якой просім дапамагчы, каб спадар Машкевіч змог паехаць у Польшчу працягваць лекаваньне й каб ён быў вызвалены ад далейшага адбыцьця пакараньня — з такога стану здароўя".
Пасьля выпіскі са шпіталю, паводле беларускага заканадаўства, асуджаныя да арышту мусяць адбыць тэрмін пакараньня да канца. Такім чынам, Марыюшу Машкевічу пагражае яшчэ 10 дзён знаходжаньня ў турме на Акрэсьціна.