viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч патрабуе адказу па сутнасці на сваю скаргу

2011 2011-02-23T13:28:08+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/stefanovichv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч працягвае абскарджваць незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі Першамайскага РУУС г. Мінска, якія ўноч з 19 на 20 снежня незаконна затрымалі яго, забраўшы пры гэтым асабістую маёмасць падчас ператрусу. На гэты раз В.Стэфановіч звярнуўся ў Пракуратуру г. Менска, паколькі Пракуратура Першамайскага раёна не стала разглядаць яго скаргу па сутнасці.

У сваёй скарзе В.Стэфановіч указаў, што падчас ператрусу каля васьмі невядомых асобаў у цывільным, з якімі быў супрацоўнік міліцыі ў званні старэйшага лейтэнанта, не прад’явілі службовых пасведчанняў і не патлумачылі, чым былі выкліканыя іх дзеянні. Для затрымання і дастаўкі праваабаронцаў у Першамайскі РУУС прыбыла дадатковая група супрацоўнікаў міліцыі ў форме з аўтаматамі. “Падставы майго затрымання і знаходжання ў РУУС мне растлумачаныя так і не былі, ніякіх працэсуальных дакументаў аб маім затрыманні не складалася”, - паведамля ён у пракуратуру. Таксама ніякай копіі пратакола вобшуку з апісаннем і пералікам забраных прадметаў і маёмасці праваабаронцам не пакінулі. Такім чынам В.Стэфановіч не ведае, кім,  на якіх падставах была сканфіскавана яго маёмасць і дзе яна знаходзіцца на дадзены момант. Ён заяўляе пра тое, што дзеянні супрацоўнікаў міліцыі насілі незаконны характар і парушылі яго правы.

29 снежня 2010 г. праваабаронца накіраваў скаргу на дзеянні супрацоўнікаў Першамайскага РУУС у Пракуратуру Першамайскага раёна Мінска. Аднак замест дачы прававой ацэнкі дзеянням міліцыянтаў і прыцягнення вінаватых да адказнасці, пракуратура перанакіравала скаргу начальніку Першамайскага РУУС палкоўніку Ковалю А.Н. Пра гэта В.Стэфановіч даведаўся з адказу  намесніка пракурора Першамайскага раёна Е.А. Дарожкі.   

Не задаволены такімі дзеяннямі Пракуратуры Першамайскага раёна, заяўнік звяртаецца ў вышэйстаячую інстанцыю.  

“Артыкул 9 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян” ад 6 чэрвеня 1996 г. № 407 забараняе перадаваць скаргі грамадзян у дзяржаўныя органы, іншыя арганізацыі (службовым асобам), дзеянні (бяздзеянне) якіх абскарджваюцца, за выключэннем выпадкаў, калі разгляд дадзенай катэгорыі зваротаў адносіцца да выключнай кампетэнцыі гэтых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый (службовых асобаў). Лічу, што ўхіленне пракуратуры Першамайскага раёна г. Мінска ад разгляду маёй скаргі на дзеянні супрацоўнікаў Першамайскага РУУС г. Мінска па сутнасці і перанакіраванне скаргі на імя начальніка органа, дзеянні якога я абскарджваю, з’яўляецца грубым і абуральным парушэннем маіх законных правоў. Акрамя таго я дагэтуль не атрымаў пісьмовага адказу на сваю скаргу, хаця артыкулам 10 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян”  устаноўлены месячны тэрмін разгляду скаргаў з моманту іх рэгістрацыі ў дзяржаўных органах”, - піша В.Стэфановіч у гарадскую пракуратуру.

У звязку з гэтым праваабаронца просіць вярнуць яму канфіскаваную маёмасць і прыцягнуць да ўстаноўленай законам адказнасці супрацоўнікаў міліцыі, а таксама вінаватых у парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства