Заўтра ў Мазыры дапытаюць Уладзіміра Целепуна
Упаўнаважаны з гарадскога аддзела ўпраўлення КДБ Прыходзька В.В. 21 лютага асабіста ўручыў позву праваабаронцу Уладзіміру Целепуну. У позве указана, што яго выклікаюць на допыт у якасці сведкі па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. На позве стаіць пазнака “паўторна”: першая позва грамадскаму актывісту дасылалася, калі ён знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі. Гэтым разам супрацоўнікі КДБ чакаюць Целепуна на допыт 24 лютага а 14-ай гадзіне.
- Я збіраюся пайсці туды з дакументамі, датычнымі ўсіх апошніх выбарчых кампаніяў – прэзідэнцкай і мясцовай 2010 году, парламенцкай 2008-га, мясцовай 2007-га. Вазьму ўсе свае скаргі і адказы на іх, якія атрымліваў ад адказных асобаў, каб паказаць, што ў Беларусі не выконваецца выбарчае заканадаўства, парушаюцца правы грамадзянаў. У краіне фактычна адбываецца ўзурпацыя ўлады адным чалавекам на неабмежаваны тэрмін. Усё гэта і з’яўляецца прычынай незадаволеннасці людзей, якая выводзіць іх на Плошчу, каб мірным шляхам выказаць свой пратэст, - кажа праваабаронца.
У сваім рэгіёне праваабаронца Уладзімір Целяпун актыўна ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях у якасці незалежнага назіральніка і з’яўляецца аўтарам шматлікіх скаргаў на парушэнне выбарчага заканадаўства рознымі суб’ектамі выбарчага працэсу. 21 студзеня ў адсутнасць праваабаронцы ў яго дома адбыўся ператрус. Двое оперупаўнаважаных мясцовага КДБ, адзін з якіх Прыходзька В.В., прад’явілі яго жонцы ордэр, падпісаны 19 студзеня. Праваабаронца не ведае, з якой прычыны ладзіўся ператрус, паколькі пастанову ён не бачыў.