Расійская “Салідарнасць” патрабуе спынення крымінальнага пераследу Івана Гапонава і Арцёма Брэуса
Аб’яднаны расійскі дэмакратычны рух “Салідарнасць” заклікае падпісацца пад петыцыяй з патрабаваннем вызвалення Івана Гапонава і Арцёма Брэуса, а таксама ўсіх арыштаваных па справе 19 снежня. Петыцыя змешчана на адмысловым сайце, створаным жж-супольнасцю руху ў падтрымку расійскіх грамадзянаў, абвінавачаных ва ўдзеле ў снежаньскіх масавых беспарадках у Менску.
Прыводзім тэксат петыцыі:
"Зварот
да ўладаў Рэспублікі Беларусь і ўладаў Расійскай Федэрацыі
у сувязі з крымінальным пераследам расіянаў
Івана Гапонава і Арцёма Брэуса
19 снежня 2010 года ў Менску была разагнаная мірная акцыя пратэсту
грамадзян, якія выказвалі сумненне ў сумленнасці і справядлівасці выбараў
прэзідэнта Беларусі, якія прайшлі ў той дзень. Больш за 600 удзельнікаў
дэманстрацыі былі затрыманыя, а пасля асуджаныя на некалькі сутак адміністратыўнага
арышту. 42-ум арыштаваным, у тым ліку пяці былым кандыдатам у прэзідэнты, былі
прад'яўленыя абвінавачванні ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках. Яшчэ
12 чалавек знаходзяцца ў статусе падазраваных па гэтай справе.
Сярод арыштаваных па крымінальным артыкуле - двое грамадзян Расіі: Іван Гапонаў і Арцём Брэус, іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках - да 8-мі гадоў пазбаўлення волі.
Аднак доказаў, якія пацвярджаюць іх віну, да гэтага часу не прад'яўлена.
Відэаматэрыялы і фатаздымкі з акцыі пратэсту 19 снежня, апублікаваныя ў інтэрнэце, даказваюць тое, што пагром Дома Урада быў справакаваны двума людзьмі. Спробы кандыдатаў у прэзідэнты спыніць правакатараў даказваюць тое, што людзі, якія білі шкло ў Доме Урада, дзейнічалі насуперак патрабаванням арганізатараў мітынгу.
Відэаматэрыялы, якія мае следства, пацвярджаюць толькі тое, што Гапонаў і Брэус - як і тысячы грамадзян Беларусі, а таксама дзесяткі грамадзян Расіі, Украіны і сумежных дзяржаў - прысутнічалі на мітынгу 19 снежня. Відэазапісаў, якія пацвярджаюць удзел Івана Гапонава і Арцёма Брэуса ў пагроме, абвінавачваннем не прадстаўлена.
У сувязі з гэтым мы патрабуем
ад беларускіх уладаў:
1. спыніць крымінальную справу ў
дачыненні да Івана Гапонава і Арцёма Брэуса;
2. вызваліць з-пад турэмнага арышту УСІХ асобаў,
абвінавачаных у масавых беспарадках па падзеях 19 снежня 2010 г.;
3. весці расследаванне па гэтай справе ў адкрытым рэжыме.
ад расейскіх уладаў:
1. пад пагрозай палітычных і
эканамічных санкцый публічна запатрабаваць ад уладаў Беларусі вызваліць расіянаў Івана Гапонава і Арцёма Брэуса з-пад арышту;
2. у выпадку адмовы
беларускіх уладаў вызваліць расіянаў
увесці наступныя санкцыі ў
дачыненні да Беларусі: частковае эмбарга на тавары Беларусі, спыненне газавых
паставак у Беларусь, а таксама транзіту расійскага газу праз тэрыторыю Беларусі,
забарона на ўезд на тэрыторыю Расіі для чыноўнікаў Беларусі, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, праводзімых ў Менску ў дачыненні да ўдзельнікаў мітынгу 19 снежня".
Сайт uznikiluki.ru, створаны ў падтрымку Івана Гапонава і Арцёма Брэуса, асвятляе падзеі вакол крымінальнай справы супраць грамадзянаў Расійскай Федэрацыі, намераны аказваць падтрымку і дамагацца іх вызвалення.