viasna on patreon

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін: "Я быў скрадзены невядомымі ў цывільным, якія накінулі мне чорны мех на галаву"

2006 2006-04-06T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Берасьце. 17 сакавіка 2006 году да мяне, Уладзіміра Вялічкіна, патэлефанаваў кіраўнік абласнога выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча Юрась Губарэвіч, ён таксама зьяўляўся ягонай даверанай асобай, і паведаміў, што за ім сочаць.
Аб 11 гадзіне раніцы я і Губарэвіч сустрэліся ля Клюбу Сувязі, што па вуліцы Савецкіх Памежнікаў. Разам з Губарэвічам ездзіў Яўген Пракурат, дэпутат і актывіст выбарчага штабу, для забясьпечваньня бясьпекі давернай асобы.
Яны паказалі на машыны, якія на іх думку сочаць за імі, белы "Гольф", регістрацыйны нумар 3092 АІ, нейкі белы "Ніссан", "ВАЗ", падрыхтаваны да маляваньня, і іншыя.

Спачатку мы зайшлі на выбарчы вучастак №18 (Ленінскі раён г. Брэста), які знаходзіўся ў будынку Клюбу Сувязі, дзе зарэгістраваліся ў журнале рэгістрацыі назіральнікаў, Юрась Губарэвіч як давераная асоба, а я як журналіст, сябра БАЖ. Было выяўлена, што скрыня для датэрміновага галасаваньня не забясьпечвае перахоўваньне ўкінутых былетэняў, нітка на пячатцы занадта свабодная, а пячатка невыразная. Пры спробе сфатаграфаваць старшыня камісіі Сакалюк Вера Мікалаеўна, пасьпяшалася прысунуць скрыню пячаткай да сьцяны. 2 ўзоры запаўненьня бюлетэняў утрымлівалі "падказку" як галасаваць: у адным птушка стаяла насупраць трэцяга кандыдата (па сьпісу адпавядае Аляксандру Лукашэнку), а ў другім - насупраць "супраць усіх". Назіральнікі, зарэгістрваныя да нас на вучастку, прадстаўлялі пралукашэнкавыя арганізацыі, двое з якіх, напрыклад, Жылінскі і Астановіч з БРСМ.

Каля 11-30 я, Губарэвіч і Пракурат выйшлі з вучастка, на прыпынку сярод чакаючых на аўтобус стаяў мужчына, паводзіны якога прыцягнулі нашую увагу. Недалёка знаходзіліся ўжо згаданыя аўтамабілі. Я пайшоў у іх бок, адразу стала ясна, яны сапраўды сачылі за Губарэвічам і Пракуратам. Пры набліжэньні да іх пасажыры і кіроўца "Гольфа" засланялі рукамі твары і нават клаліся на сядзеньні. "Ніссан" даваў задні ход, а калі не было куды здаваць - разьвярнуўся і зьехаў. Я пакрочыў назад, "Ніссан" паволі рушыў за мной.
Адчуўшы пагрозу свайму жыцьцю мы вырашылі зьвярнуцца ва УУС пры Брэсцкім аблвыканкаме.
Юрась Губарэвіч прыпаркаваў аўто побач з будынкам УУС на вуліцы Камуністычнай насупраць Савету Брэсцкага раёну.
І, дзіва, белы "Гольф" - прыпаркаваны на аўтастаянцы УУС!!!
Я сфатаграфаваў "шпіёна", які сьпешна зьехаў са стаянцы.
Давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Мілінкевіча Юрась Губарэвіч па вышэйапісаным факце сочкі зьвярнуўся с заявай па забясьпячэньні асабістай бясьпекі да начальніка "ОРСД" п/п-ка Уладзіміра Пятровіча Власава. Я і Пркурат выступілі ў ролі сьведак. Бачна было, што Власаў намагаецца як мага даўжэй пратрымаць заяўнікоў у будынку УУС, марудзіў час пазбаўляючы апошніх магчымасьці прымаць удзел у выбарчым працэсе.
Калі мы выйшылі з УУС, дык убачылі, што правае пярэдняе кола іх аўто парэзана нажом, недалёка стаяў той самы "Гольф" і яшчэ адна падазроная машына. Я сфатаграфаваў абедзьве і парэзанае кола. Губарэвіч вярнуўся да п/п-ка Власава пісаць чарговую заяву. Пракурат стаў бліжэй ўваходу да УУС такім чынам, каб бачыць сваё аўто і каб адначасова мець магчымасьць шукаць ратунку на міліцыі, а я пайшоў у фатаграфію "Малыш", каб зрабіць здымкі і падмацаваць імі заявы Губарэвіча.
Пракурат бачыў, што, як толькі я скрыўся за вуглом, з галоўнага корпусу УУС выскачылі трое ў цывільным і бегам рушылі за мною.
Хоць я і ўзяў пад увагу магчымасьць сочкі, але яе не заўважыў. Неўзабаве на вуліцы Інтэрнацыянальнай побач з крамай "Лянок", калі побач нікога з людзей не было на мяне кінулася некалькі асоб у цывільным, ня меньш за 6 чалавек.
Яны схапілі мяне за рукі-ногі і паспрабавалі засунуць у пашарпаны ВАЗ. Было 12-52. Я пасьпей крыкнуць "Дапамажыце!". Мне заткнулі рот рукой, адзін з іх садануў пару разоў кулаком па рэбрах і пасьля кароткага супраціву ўсё ж такі запіхнулі мяне ў "ВАЗ", надзелі чорны мех на галаву і паехалі. Насіліся як дурныя, ледзь не перакульваліся, езьдзілі доўга. Пагражалі, каб не рыпаўся. Абшуквалі; адабралі фатапарат, відэакамару, дыктафон; спачатку скралі зробленыя здымкі з фатаапарату (знаходзяцца ў намесьніка начальніка Ленінскага РАЎС г.Брэста м-ра Генадзя Васільевіча Вайтовіча). Здымкі пераважна тычацца парушэньняў беларускімі ўладамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Адзін з іх залез у мае кішэні, адабраў відэакамару, фатапарат і дыктафон. Пакуль езьдзілі гразілі, каб ня рыпаўся, езьдзілі доўга, было досыць часу ўспомніць і Завадзкага і Гангадзэ...

У рэшце-рэшт даставілі ў Ленінскі РАЎС, дзе зьнялі мех з галавы, толькі пасьля таго як "ВАЗ" з "цывілямі-захопнікамі" зьехаў. У 13-50 да мяне падышоў м-р Вайтовіч і запытаў:
-ВЫ ПІЛІ?
- Увогуле ня п'ю!
- Вы паводзіце сябе неадэкватна!
- Паезьдзіш з мехам на галаве, пагляжу як сам будзеш сябе паводзіць!
Міліцыянты склалі пратакол аб парушэньні мной арт.156 КаАП "дробнае хуліганства", пасьля чаго мяне завялі ў кабінет, дзе знаходзіліся м-р Вайтовіч і два супрацоўніка ППС. Вайтовіч запытаў мяне: "Ведаеце гэтых людзей?" "Упершыню бачу!" - адказаў я. "А яны вас ведаюць!"
Мне далі магчымасьць азнаёміцца з сутнасьцю рапартоў В.В.Шутова і С.Б.Бородіка, яны сьцьвярджалі, што а 13 гадзіне "побач з прахадной ААА "Марожанае" мужчына (я, Вялічкін) лаяўся матам на іх адрас, зьневажаў дзеючую ўладу, Міністра УС Навумава і пагражаў, што пасьля перамогі апазыцыі ўсе супрацоўнікі міліцыі сядуць у турму. На заўвагі не рэагаваў, працягваў лаяцца". Я спытаўся "ППСнікаў, ці ня сорамна абалгаць чалавека? Тыя, гледзячы проста ў вочы, адказалі: НЕ!
Пратакол адміністатыўнага затрыманьня быў датаваны 13-10 беларускага часу.
Суддзя суда Ленінскага раёну г.Брэста С.А. Ілюшына праігнаравала маё тлумачэньне аб тым, што я быў скрадзены невядомымі ў цывільным і з чорным мехам на галаве пасьля гадзіннай паездкі перададзены ў Ленінскі райаддзел, адхіліла довады абароны, што ў адсутнасьць сьведкаў няма падставаў для вынясеньня пакараньня па арт.156 КаАП, і пастанавіла падвергнуць мяне адміністратыўнаму арышту на 5 сутак. Міліцэйская замова была ёю выкананая.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства