viasna on patreon

Кабанчука перад вызваленьнем завезлі ў КДБ

2011 2011-02-25T11:46:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сябры БХД, што чакалі ля ізалятара Акрэсьціна, не змаглі сустрэць пасьля 10 сутак адміністратыўнага арышта Вадзіма Кабанчука, бо перад вызваленьнем яго завезьлі з Акрэсьціна ў Менскае КДБ і яшчэ раз дапыталі ў якасьці сьведкі па крымінальнай справе аб "масавых беспарадках" 19 сьнежня 2010 года ў Менску.

У інтэрв'ю прэс-службе БХД Вадзім распавёў, што падчас адсідкі яго празь дзень дапытвалі супрацоўнікі КДБ і контрвыведкі, нават правяралі на дэтэктары хлусьні. Пытаньні, у асноўным, тычыліся падзеяў 19 сьнежня 2010 года, а таксама дзейнасьці аргкамітэта БХД. Вадзім вымушаны быў даць падпіску пра неразгалошваньне тых зьвестак, датычных крымінальнай справы аб масавых беспарадках, якія паведамілі яму падчас допытаў супрацоўнікі сьпецслужбаў.

Нагадаем, Вадзім Кабанчук быў затрыманы на беларуска-літоўскай мяжы ўвечары 13 лютага за тое, што вёз з сабой газеты пра падзеі ў краіне пасьля прэзідэнцкіх выбараў. Яго павінны былі вызваліць яшчэ 23 лютага. Але суткі, якія Вадзіма трымалі ў Ашмянскім РАУСе, спрабуючы абвінаваціць у супраціве супрацоўнікам мытні, у час арышту яму не залічылі. Пазьней яго перавезьлі ў Менск у ізалятар на Акрэсьціна і асудзілі на 10 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у падзеях 19 сьнежня ў Менску.

Сябра БХД і штабу Віталя Рымашэўскага Вадзім Кабачнук у свой час ужо быў палітвязьнем. У кастрычніку 1997 году ён быў затрыманы за ўдзел у акцыі на Дзень Волі і амаль шэсьць месяцаў да суда правёў у СІЗА на вул. Валадарскага.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства