Вярхоўны суд Беларусі скасаваў пісьмовае папярэджаньне Мінюсту, вынесенае Партыям БНФ і ПКБ.
У лютым 2006 года Міністэрства юстыцыі вынесла пісьмовае папярэджаньне Партыі БНФ і Партыі камуністаў Беларускай за тое, што яны нібыта ўмешваюцца і перашкаджаюць дзейнасьці дзяржаўных органаў. Гэтыя перашкоды звязаныя са зваротам старшыняў гэтых партый Вінцука Вячоркі і Сяргея Калякіна ў студзені 2006 года ў раённыя выканаўчыя камітэты і раённыя адміністрацыі ў гарадах з патрабаваньнем патлумачыць парадак фармаваньня ўчастковых выбарчых камісіяў і тое, якім чынам прадстаўнікам Партый БНФ і ПКБ могуць гарантаваць уключэньне ў склад гэтых камісій. Міністэрства юстыцыі расцаніла гэты крок як умяшальніцтва ў дзейнасць дзяржаўных органаў і вынесла гэтым партыям папярэджаньне, якое было абскарджана ў Вярхоўным судзе.
Справа разглядалася тры дні, у выніку чаго было вынесена рашэньне аб скасаваньні папярэджаньня, бо суд прыйшоў да высновы, што звароты партыі не зьяўлялісь умяшальніцтвам у дзейнасьць дзяржаўных органаў, а наадварот, што дзяржаўныя органы абавязаныя даваць такія тлумачэньні на звароты палітычных партыяў.
Кіраўнік арганізацыйна-праўнай камісіі Партыі БНФ Уладзімір Лабковіч пракаментаваў рашэньне Вярхоўнага суда наступным чынам: "У той момант, калі ўсе органы улады толькі тым і займалісь, што стваралі перашкоды ўсім палітычным суб’ектам падчас выбарчай кампаніі: незаконныя арышты актывістаў кампаніі, ператрусы в офісах палітычных партыяў, штрафы і канфіскацыі кампутарнай тэхнікі і друкаванай прадукцыі, то Міністэрства юстыцыі вырашыла таксама ўкласьці сваю лепту, паказаць сваю значнасьць і неабходнасьць у гэтай кампаніі, але ж зрабіла гэта так, як вельмі часта робіцца, -- непрафісійна, не грунтуючыся на заканадаўстве, і таму Вярхоўны суд проста не мог ужо дапамагаць Міністэрству юстыцыі, як часта раней бывала пры ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў. У дадзеным жа выпадку гэтае папярэджаньне было настолькі абсурдным, што нават Вярхоўны суд палічыў, што яго трэба адмяняць.
У папярэджаньні Партыі БНФ было два пункты. Другі пункт тычыўся неадпаведнасьці дзейнасьці некаторых арганізацыйных структураў партыі дзеючаму заканадаўству і ўласнаму Статуту. У гэтай частцы Вярхоўны суд пакінуў папярэджаньне ў сіле. Такім чынам, Вярхоўны суд адмяніў абедзьвюм партыям папярэджаньне за ўмяшальніцтва ў дзейнасьць дзяржаўных органаў. Між іншым у судзе прымалі ўдзел асобы, якія некалькі гатоў таму адзначыліся ў ліквідацыі Праваабарончага цэнтру "Вясна" – судзьдзя Кулік і прадстаўніца Мінюсту Фішкіна Неаніла Віктараўна".