Кароткі аналітычны агляд судовага паседжання па крымінальнай справе Дзмітрыя Мядзведзя. Дзень першы
1 сакавіка 2011г. у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска, пад старшынствам судзі Алены Рудніцкай з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы намесніка пракурора Пракуратуры Маскоўскага раёна г. Мінска К. Мазоўка, з удзелам адваката Сяргея Лепеша, а таксама з удзелам дзяржаўнага ісца – прадстаўніка ГГУ Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Лепеша пачалося судовае слуханне па крымінальнай справе ў дачыненні да Мядзведзя Дзмітрыя Леанідавіча, які абвінавачваецца ў злачынстве, прадугледжаным ч.2 арт.293 КК Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).
Судовае паседжанне пачалося з выступу дзяржаўнага абвінаваўцы, які адмовіўся ад раней прад’яўленага абвінавачвання і выступіў з хадайніцтвам прад’явіць сп. Мядзведзю новае абвінавачванне, якое і было зачытанае прадстаўніком пракуратуры.
Фактычна новае абвінавачванне з’яўляецца больш удасканаленым варыянтам ранейшага абвінавачвання.
Так, на думку дзяржаўнага абвінаваўцы, сп. Мядзведзь прыняў актыўны ўдзел у масавых беспарадках, апраўдваючы свае дзеянні надуманай падставай – фальсіфікацыяй выбараў, разам з іншымі асобамі падаўся неўтаймаванаму ашалеламу натоўпу, які выступаў як адна цэлая група, аказаў узброены супраціў супрацоўнікам міліцыі, у выніку якіх шэраг супрацоўнікаў міліцыі атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджанні, а таксама фізічныя траўмы рознай ступені цяжкасці.
Таксама ў абвінаваўчым заключэнні сцвярджаецца, што іншыя ўдзельнікі масавых беспарадкаў неслі з сабой прыстасаванні для гвалтоўных дзеянняў, ламы, рыдлёўкі, драўляныя брусы, бутэлькі з успламяняльнай вадкасцю, якімі быццам бы гэтыя невядомыя асобы і нанеслі траўмы супрацоўнікам міліцыі. Сам жа Дзмітрый Мядзведзь нанёс рукамі і нагамі шэраг удараў па супрацоўніках міліцыі.
У абвінавачванні прагучалі таксама і прозвішчы не меней як 10 супрацоўнікаў міліцыі, якія ў выніку судова-медычнай экспертызы прызнаныя пацярпелымі, што дае падставы ў выпадку прызнання іх гэткімі судом, затым звярнуцца ў грамадзянска – прававым парадку з іскамі аб кампенсацыі шкоды, якая была нанесена быццам бы Дзмітрыем Мядзведзем. Да пісьмовых матэрыялаў справы былі далучаныя матэрыялы медычнай экспертызы аб прызнанні такіх асобаў пацярпелымі.
Таксама ў дадзеным працэсе ізноў фігуруе грамадзянскі іск, заяўлены ГГУ Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на суму звыш 14 мільёнаў рублёў, хоць ён быў цалкам пагашаны грамадзянамі ды праваабаронцамі, і ў судовым паседжанні па справе А. Брэўса і І. Гапонава, прадстаўнік ісца адмовіўся ад іскавых патрабаванняў. Застаецца меркаваць, што ў дадзеным судовым паседжанні ісцец таксама адмовіцца ад іска.
Пасьля зачытвання новага абвінавачвання адвакатам Сяргеем Лепешам было заяўленае хадайніцтва аб прадстаўленні часу для азнаямлення з новым абвінавачваннем. Гэтае хадайніцтва было задаволена судом, а суд адкладзены да 10 сакавіка 2011г.
Папярэднія высновы.
Аналізуючы абвінавачванне на працэсе Васіля Парфянкова, а таксама ў судовым разгляддзе ў дачыненні да Івана Гапонава і Арцёма Брэўса відавочна, што следства не мае аніякіх падставаў да абвінавачвання ўдзельнікаў мірнай акцыі пратэсту 19 сьнежня ў масавых беспарадках. Так, ні папярэдняе следства, ні суд не здолелі даказаць, што ў дзеяннях Парфянкова, Брэўса, Гапонава ўтрымліваецца склад злачынства, які кваліфікуецца як масавыя беспарадкі, няма ні ўзброенага супраціву, ні падпалаў, ні нападу на прадстаўнікоў улады, гвалту над асобай з іх боку. Таму, разумеючы неабходнасць падмацаваць пазыцыю абвінавачвання ў судовым працэсе Дзмітрыя Мядзведзя , прагучала новае абвінавачванне, у якім зроблены акцэнт на тое, што ўжо быццам бы невядомыя асобы трымалі прадметы, якія выкарыстоўваліся як зброя, ёсць і гвалт над асобай, а адначасна і супраціў прадстаўнікам улады, паколькі ў працэсе з’явіліся ўжо і пацярпелыя супрацоўнікі міліцыі. Але, на самае істотнае пытанне новае дзяржаўнае абвінавачванне так і не адказвае: якое дачыненне да гэтых падзеяў мае Дзмітрый Мядзведзь, бо з тэксту, які агучыў прадстаўнік пракуратуры, цялесныя пашкоджанні супрацоўнікам міліцыі, калі яны і мелі месца, нанесены невядомымі асобамі, а не абвінавачаным, (здзіўляе з’яўленне вынікаў экспертызы толькі ў трэцім працэсе пасля двух з паловай месяцаў пасьля падзеяў), што шкло ў будынку таксама біў не сп. Мядзведзь, а невядомыя асобы. Таму, калі ў судзе не будуць прадстаўленыя доказы віны сп. Мядзведзя, суд павінен, ацэньваючы выключна яго дзеянні, цалкам апраўдаць сп. Мядзведзя, а не ўскладаць на яго адказнасць за дзеянні невядомых асобаў, якімі пракуратура прыкрывае відавочную адсутнасць у прынцыпе масавых беспарадкаў 19 сьнежня 2010г. у Мінску.