viasna on patreon

Класкоўскі: "Машына рэпрэсій хоча скалечыць, зламаць, згнаіць майго сына"

2011 2011-03-11T15:16:06+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Журналіст Аляксандар Класкоўскі напісаў адкрыты ліст генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь Рыгору Васілевічу, у якім патрабуе забясьпечыць ягонаму сыну і іншым зьняволеным за падзеі 19 сьнежня нармальнае ліставаньне, магчымасьць спаткацца з блізкімі сваякамі, сустрэчы сам-насам з адвакатам.

"Трэці месяц мой сын Аляксандар Класкоўскі знаходзіцца ў сьледчым ізалятары КДБ — сумнавядомай "амэрыканцы". Ён зьняволены за падзеі Плошчы 19 сьнежня. У мяне ёсьць сур’ёзныя падставы меркаваць, што над ім чыняць зьдзек, псыхалягічна ламаюць, ігнаруючы элемэнтарныя нормы закону.

Пасьля шквалу грамадзкага абурэньня вашы падначаленыя праверылі ўмовы ўтрыманьня вязьняў у "амэрыканцы" ды бадзёра даклалі, што там ледзь не курорт. Вось толькі экс-кандыдат у прэзыдэнты Алесь Міхалевіч, вырваўшыся з-за кратаў, удакладніў, што там за курорт. Ягоныя сьведчаньні аб катаваньнях сталі інфармацыйнай бомбай", — піша Аляксандар Класкоўскі.

"Ёсьць падставы падазраваць, што супраць майго сына могуць ужывацца яшчэ больш жорсткія мэтады, — сьцьвярджае ён. — Уяўляю, як магло разьюшыць каго-кольвек зь сілавікоў тое, што 19 сьнежня ў падзеях на плошчы Незалежнасьці ўдзельнічаў на баку маніфэстантаў былы міліцыянт, лейтэнант запасу Класкоўскі. Так бы мовіць, зганьбіў гонар мундзіра, як яго разумеюць некаторыя! Трэба ж пакараць узорна, растаптаць, каб нікому з людзей у пагонах і ў галаву не прыйшло бунтаваць супраць рэжыму!"

Аляксандар Класкоўскі паведамляе, што жонка ягонага сына Натальля ня можа дабіцца спатканьня зь ім. За два з паловай месяцы ад Сашы дайшло на волю толькі чатыры лісты, хоць, мяркуючы па тэкстах, напісаў ён значна болей. "Таксама зь іх зьместу вынікае, што сын не атрымаў ніводнага ліста ад мяне. Невядома, ці трапляюць да яго мае грашовыя пераводы. Мая дачка Вольга піша Сашу амаль штодня, але за ўвесь час дайшла толькі пара лістоў… Але сын у апошнім лісьце сваёй жонцы паведамляе пра інфармацыйны вакуўм, зазначае: такое ўражаньне, што пра мяне ўсе забыліся…" — піша Класкоўскі.

Галоўнае ж — Аляксандар пазбаўлены належнай юрыдычнай дапамогі, як і іншыя зьняволеныя за Плошчу.

"У 1930 годзе мой прадзед, селянін Вацлаў Класкоўскі, быў асуджаны сумнавядомай "тройкай" па артыкулах "бандытызм" ды "антысавецкая агітацыя". Сталінскія апрычнікі расправіліся з чалавекам толькі за тое, што на вясковым сходзе скрытыкаваў калгасны лад. Майго прадзеда рэабілітавалі пасьля сьмерці Сталіна, у 1960 годзе. Выглядае на тое, што зараз падобная машына рэпрэсій хоча скалечыць, зламаць, згнаіць майго сына ды іншых арыштаваных за Плошчу…

Калі майму сыну, а таксама іншым вязьням "амэрыканкі", зьняволеным за падзеі 19 сьнежня, будуць забясьпечаныя нармальнае ліставаньне, магчымасьць спаткацца з блізкімі сваякамі, сустрэчы сам-насам з адвакатам — тады, бадай, можна будзе даць веры, што пракуратура ў нашай краіне ня проста шыльда", — піша ў адкрытым лісьце да Рыгора Васілевіча Аляксандар Класкоўскі.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства