Аналітычны агляд судовага паседжання па крымінальнай справе Дзмітрыя Мядзведзя: заключны дзень
10 сакавіка 2011 г. у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска, пад старшынствам судзі Алены Рудніцкай з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы намесніка пракурора Пракуратуры Маскоўскага раёна г. Мінска К. Мазоўка, з удзелам адваката Сяргея Лепеша, а таксама з удзелам дзяржаўнага істца – прадстаўніка ГГУ Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Лепеша працягнулася судовае слуханне па крымінальнай справе ў дачыненні да Мядзведзя Дзмітрыя Леанідавіча, які абвінавачваецца ў злачынстве, прадугледжаным ч.2 арт.293 КК Рэспублікі Беларусь (масавыя беспарадкі).
10-10. Працэс пачаўся з вырашэньня пытання аб прызнаньні судом пацярпелых па справе. Пагадзіліся прызнаць пацярпелымі 15 супрацоўнікаў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. 6 пацярпелых сядзяць у першым радзе.
Суддзя Алена Рудніцкая прыступіла да допыту абвінавачанага Дзмітрыя Мядзведзя. Ён не прызнае сваёй віны.
Паказанні Мядзведзя: “У 22-00 я сустрэўся са знаёмым на вакзале па справах бізнесу. У гэты час сын гуляў у Серабранцы з сябрамі і я планаваў сустрэцца з ім каля прыпынку на плошчы Незалежнасці, каб разам паехаць дахаты. Мы сустрэліся.Я пабачыў на плошчы шмат людзей. Сын захацеў паглядзець, што там робіцца і адшукаць у натоўпе сваіх сяброў. Я настойваў на тым, каб адправіцца дамоў. Затым я пагадзіўся разам з ім падыйсці да помніка Леніна і забраць сынавых сяброў.
Пры гэтым я заўважыў, што шкло ў дзвярах было пабітае, аднак людзей побач не бачыў. Затым з’явіліся міліцыянты са шчытамі. Пачалася патасоўка. Нейкі хлопец упаў, тады я паспрабаваў дапамагчы яму падняцца. У гэты час натоўп пайшоў проста па мне. Пачуліся ўдары. Я закрываўся рукамі, але ўсё роўна атрымаў па галаве. Сыйсці адтуль я не мог, паколькі было шмат людзей. Я ўпаў”.
10-30. Задае пытаньне пракурор: “Як Вы абараняліся?”
Мядзведзь тлумачыць: “…закрываўся рукамі ад дубінак, удары сыпаліся з усіх бакоў. Мне нехта дапамоў выбрацца адтуль. Я сустрэў сына і спрабаваў сыйсці з плошчы. Аднак праходы былі закрытыя. Тады мы з сынам вярнуліся да помніка Леніну, дзе нас затрымалі і загрузілі ў аўтамашыну спецназа”.
10-36. Пачаўся допыт пацярпелых. Першы з іх - Аляксей Сакач, 1983 года нараджэння, міліцыянер палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Кажа, што з абвінававачаным не знаёмы. Ён распавядае: «Мы сталі ў ланцуг перад Домам урада ў 22:30. Там было чуваць, як мітынгуючыя білі шкло на ўваходзе. Праз некаторы час людзі хлынулі на нас з ударамі па шчытах. Мы бачылі натоўп агрэсіўна настроеных людзей (яны крычалі). Мы іх адсеклі ад ганка Дома Ураду, натоўп знаходзіўся перад намі”. Ён паведаміў, што нічога не бачыў, паколькі шлем запацеў, на яго пасыпаліся ўдары. Чым і як білі - сказаць не можа. Нікога з тых, хто наносіў удары, не запомніў.
11-00. Дапытваюць наступнага пацярпелага. Гэта Андрэй Палавінкін, 1983 года нараджэння. Ён кажа, што 19 снежня працаваў на Плошчы ў цывільнай форме. На пытанне, што адбывалася на Плошчы, паведаміў "Людзі крычалі лозунгі", але якія канкрэтна, удакладніць не можа. Кажа, што стаяў з партатыўнай радыёстанцыяй. Яму ў натоўпе быў нанесены ўдар ззаду. Абярнуўся - убачыў чалавека, які ўцякаў.
11-05. Наступны пацярпелы - міліцыянер палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Дзмітрый Лявіцкі. Пацярпелы Лявіцкі не бачыць супярэчнасцей у сваіх сённяшніх і ранейшых паказаннях. У вусных паказаннях ён казаў, што атрымаў тыя ж пашкоджанні выпадкова - нехта паваліўся і трапіў яму пад шчыт. Усё было выпадкова. Людзі намагаліся выйсці з "калідора". Гэта было ў той момант, калі людзей саджалі ў спецтранспарт. Спасылаўся на тое, што многае забыў.
Далей дапыталі пацярпелых Сяргея Масальскага, Віталя Піліпейку і Ягора Каравая. Яны патлумачылі, што ім наносіліся удары па нагах і галаве і прызналі, што абвінавачанага не бачылі.
11-55. Першая група пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі пакінула судовую залу. Аднак запрашаюць новых пацярпелых. Іх трое. Дапытваюць Аляксандра Кашталанава, намесніка камандзіра палка спецыяльнага прызначэння. Ён распавядае, што людзі былі агрэсіўныя і білі шкло ў Доме ўраду. Бачыў, як палівалі з вогнетушыцеля і білі супрацоўнікаў чаранкамі ад рыдлёвак і вудзільнамі. На пытанне адваката пацярпелы прызнаўся, што не бачыў абвінавачанага.
Пацярпелыя Руслан Волкаў і Юрый Далідовіч таксама не бачылі сярод мітынгоўцаў Мядзведзя.
12-25. У судзе пачынаюць дапытваць грамадзянскага істца Дзмітрыя Лепеша, які прадстаўляе Адміністрацыю прэзідэнта. Ён паведаміў, што нанесены маёмасці ўрон у памеры 14 мільёнаў 48 тысяч рублёў 21 лютага быў цалкам пагашаны і адмовіўся ад ранейшага зыску. Суддзя абвясціла перапынак і выйшла ў дарадчы пакой.
13-10. Пасля перапынку дапытваюць пацярпелага падпалкоўніка Ігара Бажка. Ён падцвярджае, што атрымаў удар з-за спіны, у людзей у руках прадметаў не бачыў. У сувязі з супярэчнасцямі ў яго ранейшых паказаннях зачытваюць пратакол, складзены пад час следства. З яго вынікае што мітынуючыя лаяліся, кідаліся бутэлькамі і біліся палкамі. Абвінавачанага Мядзведзя на плошчы не бачыў.
13-26. Суддзя абвешчае перапынак да 14-00 гадзін.
14-10. Пасьля перапынку судовы працэс аднавіўся. Будуць дапытаныя яшчэ пяць пацярпелых. Пачалі допыт Дзяніса Булавацкага. Ёк кажа, што дэманстранты закідвалі іх пластыкавымі бутэлькамі і палкамі. Усе былі агрэсіўныя. “Мы пачалі адцясняць натоўп. Узялі ўсіх у кола і сталі грузіць людзей у спецтранспарт. Мяне ўдарылі кулаком і я запрасіў дапамогі. Хто ўдарыў – не бачыў. Мядзведзя не бачыў”.
14-20. Дае паказанні Дзмітрый Скараход. Ён патлумачыў, што натоўп хацеў прарваць ачапленне і наносіў удары нагамі. З яго сарвалі шлём і нанеслі некалькі ўдараў па галаве. У ачапленне кідаліся смеццем і снегам. Пры гэтым ён Мядзведзя я не бачыў.
Наступны пацярпелы - Аляксандр Кудравец. Папрасіў зачытаць ягоныя паказанні, паколькі нічога не памятае. Пракурор папрасіў успомніць падрабязнасці. Кажа, што яго білі металічным прутам. Атрымаў ад удару гематому. Абвінавачанага не бачыў.
14-30. Далей выступае Юрый Зянкевіч, які патлумачыў, што ў іх бок кідалі розныя прадметы: палкі і лёд. “На мяне нападалі з жалезным прутам і чаранком рыдлёўкі, а затым аблілі з вогнетушыцеля. Я перастаў бачыць і звярнуўся ў хуткую дапамогу. Абвінавачанага Мядзведзя не бачыў”.
Пацярпелы Алег Дударчык паказаў, што абвінавачаны быў актыўным удзельнікам мітынгу. Пры затрыманні ён выкрыкваў лозунгі антыдзяржаўнага характару. Ён не бачыў, што Мядзведзь аказваў фізічны супраціў, але памятае, як ён быў апрануты. Абвінавачаны перапытвае Дударчыка і сцвярджае, што ня быў у чорным швэдары, як паказвае на судзе Дударчык і пры гэтым быў без барады. Ён кажа, што быў апрануты ў шапку з арнаментам і светлую карычневую куртку. Пацярпелы Аляксандр Грыцэнка патлумачыў, што абвінавачаны ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі выкрыкваў лозунг "Жыве Беларусь!".
15-10. Суд прыступіў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Суддзя прыводзіць пералік знойдзеных на плошчы прадметаў. Ідзе пералік траўмаў, атрыманых міліцыянерамі. Да справы таксама далучаныя характарыстыкі на Мядзведзя і пералік сацыяльных аб'ектаў, што будуе ягоная фірма.
15-33. Пачаўся прагляд відэазапісаў мітынгу. На відэа бачна, як Мядзведзь закрывае рукамі галаву, каб уратавацца ад удараў міліцыянтаў. Ён адказвае на пытанне пракурора, што пакінуць плошчу не было магчымасці, паколькі людзі стаялі шчыльна.
15-50. Выступае дзяржабвінаваўца пракурор К. Мазоўка. Ён заяўляе, што на аснове допыту пацярпелых віна абвінавачанага даказаная цалкам. Пракурор запрасіў 4 гады пазбаўлення волі.
16-01. Адвакат Сяргей Лепеш заяўляе, што ўвогуле у судзе не прагучага ніводнага доказу віны Мядзведзя. Адвакат даводзіць, што ніякай зброі не было, рыдлёўкі і чаранкі зброяй не з’яўляюцца. “Масавых беспарадкаў не было” - заявіў адвакат. Ён прывёў шмат недакладнасцей і неадпаведасцей у матэрыялах справы ва ўступнай частцы абвінавачання і запатрабаваў поўнага апраўдання.
16.22 Дзмітрый Мядзведзь выступіў з апошнім словам: “Калі я трапіў у гэтую сітуацыю, ніякай агрэсіі ў мяне не было, я адбіваўся ад удараў. Сам атрымаў два ўдары. Наглядна бачна на відэа, што я ніякіх удараў я не наносіў. Па-сутнасці я мірны чалавек. У мяне вялікія планы былі на развіццё бізнесу, выкарыстанне новых тэхналогій для будаўніцтва сацыяльнага жылля. Гэта жахліва ўсё.”
19-50. Прысуд Дзмітрыю Мядзведзю — 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
Высновы: Аналізуючы працэс над сп. Мядзведзем трэба адзначыць, што судовае паседжанне над Мядзведзем, а роўна над Гапонавым і Брэўсам адрознівалася ад папярэдніх працэсаў над Парфянковым, Новікам, Малчанавым і Атрошчанкавым тым, што дадзенае судовае паседжанне адбывалася па новаму абвінавачванню, дзе пракуратура паспрабавала больш дэталізаваць паняцце масавых беспарадкаў, а таксама ў судовым працэсе па хадайніцтву дзяржаўнага абвінаваўцы Мазоўкі ў працэс былі ўведзены пацярпелыя, у якасьці якіх былі дапытаны 15 супрацоўнікаў ПМСП ГУУС Мінгарвыканкама, якія атрымалі нязначныя фізічныя пашкоджанні па выніках экспертызы, якая была далучана да матэрыялаў судовай справы. Трэба адзначыць, што пацярпелыя ў справе з'явівіліся па выніках допытаў і судова-медыцынскай экспертызы толькі 18.02.2011г., практычна па сканчэньні двух месяцаў пасьля падзеяў 19.12.2010г., калі матэрыялы крымінальнай справы ўжо былі накіраваныя ў суд. З'яўленне пацярпелых трэба звязваць з тым, што пракуратура такім чынам узмацніла дзяржаўнае абвінавачванне, спрабуючы трактаваць яго як факт арганізацыі масавых беспарадкаў ў Мінску 19.12.2010г. Таксама прызнанне судом пацярпелых дае магчымасць такім асобам у далейшым звяртацца у суд з зыскамі аб кампенсацыі шкоды здароўю, і маральнай шкоды да асобаў, якія судом прызнаныя вінаватымі ў масавых беспарадках. Таму, улады могуць выкарыстоўваць такі механізм матэрыяльнага пакарання ў дачыненні да ўдзельнікаў акцыі 19 снежня 2010г.
Аналізуючы ўсё судовае паседжанне, трэба зрабіць наступныя высновы.
- У судовым працэсе так і не знайшло сваё падцвярджэнне тое, што 19.12.2010г. у Мінску мелі месца масавыя беспарадкі. Так, у судзе абвінаваўца не змог даказаць, што ўдзельнікі акцыі ўжывалі гвалт над асобай, пагромы, падпалы, знішчалі маёмасць, аказвалі узброены супраціў. Прадметы, якія былі быццам бы знойдзены на плошчы, не прызнаныя зброяй згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб зброі», не мелі месца і падпалы, а таксама знішчэнне маёмасці, бо па выніках экспертызы нанесенай шкоды, якая была прадстаўлена ў суд ГГУ Адміністрацыя Прэзідэнта Беларусі бачна, што нанесеная шкода не прывяла да пашкоджання маёмасці, паколькі дзверы будынка не падлягалі замене, а толькі рамонту.
- Вельмі важнай падставай для прыцягнення да адказнасці за ўдзел у масавых беспарадках з'яўляецца непасрэднае ажыцяўленне асобай дзеянняў, якія кваліфікуюцца як масавыя беспарадкі. У судовым паседжанні пацярпелыя і сведкі падцвердзілі, што шкода здароўю пацярпелых не была нанесена менавіта сп. Мядзведзем. Таксама ніводзін са сведкаў не здолеў дакладна паказаць, што рабіў Мядзьведзь на плошчы. Пры праглядзе відэадоказаў было бачна, што сп. Мядзьведзь сапраўды знаходзіцца перад ланцугом супрацоўнікаў міліцыі, але яго дзеянні носяць выключна негвалтоўны характар, а толькі бачна як ён закрывае сваю галаву ад удараў гумавай дубінкай па галаве з боку супрацоўнікаў міліцыі. Таму ў ходзе судовага разгляду ўвогуле не знайшло свайго падцвярджэння здзяйсненне Мядзведзем крымінальнага злачынства.
- Пры такой доказнай базе безумоўна адзіным правамерным рашэннем суда магло бы быць апраўданне сп. Мядзьведзя.
Суд, выкарыстоўваючы арт.70 Крымінальнага кодэксу, які дае права ў выключных выпадках ужываць пакаранне ніжэй ніжэйшага памеру санкцыі артыкулу, прызнаўшы Мядзведзя вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках, прыгаварыў яго да трох гадоў абмежавання волі без накіравання па месцу адбыцця. Такім чынам сп. Мядзведзь быў вызвалены ў залі суда. Такое рашэнне ўказвае на яго палітычную матываванасць, бо раней, таксама пры адсутнасці віны абвінавачанага, выносіліся прысуды звязаныя з пазбаўленнем волі. Гэта можна звязаць з тым, што ў судзе Маскоўскага раёну г. Мінска адначасова слухалася і крымінальная справа ў дачыненні да двух грамадзянаў РФ Брэўса і Гапонава, якія таксама абвінавачваліся ва ўдзеле ў масавых беспарадках, і пад ціскам ураду РФ, суд пайшоў на вынясенне максімальна мяккага прысуду. На фоне такога прыгавору суда ў дачыненні да Брэўса і Гапонава проста немагчыма было ў дачыненні да сп. Мядзведзя ўжываць пазбаўленне волі.