Алесь Міхалевіч даслаў “Ліст з-за мяжы”, але сувязі з ім няма
Артыкул пад назвай “Ліст з-за мяжы. Не хачу быць героем” Алесь Міхалевіч даслаў у рэдакцыю інтэрнэт-газеты Naviny.by.
Рэдакцыя сцвярджае, што існавала папярэдняя дамоўленасць аб тым, што Алесь будзе пісаць у яе рубрыку «Мнение». Ліст ад палітыка датаваны 14 сакавіка, час атрымання – 00:46 па беларускім часе. Журналісты лічаць, што Міхалевіч накіраваў яго ўжо з-за мяжы.
Атрымліваецца, што ліст у рэдакцыю палітык адправіў на 26 хвілін пазней, чым напісаў у сваім інтэрнэт-блогу пра свае ўцёкі ў замежжа.
“Я не
прэтэндаваў на тое, каб быць героем. Я не зьбіраўся піярыцца на сядзеньні ў
турме, ды і ўвогуле сядзець не зьбіраўся. Хацеў пасьля выбараў працаваць над
прыцягненьнем інвестыцый”, --
піша Алесь МІхалевіч. Ён распавядае, што ў КДБ яму “адразу
запрапанавалі публічна асудзіць іншых. Чакалі паказаньняў супраць Статкевіча,
Някляева ды Саннікава”. Але ён даваць такія паказанні адмовіўся.
”Я хацеў застацца чалавекам і нікому не шкодзіць,
займацца сям’ёй і зарабляць грошы, захаваўшы сумленне”, -- прызнаецца ён. У лісце яшчэ раз прыгадваюцца ўжытыя да Міхалевіча
катаванні, прычыны і абставіны іх ужывання, тлумачыцца, як і чаму быў напісаны
ліст Лукашэнку. Акрамя таго, палітык распавядае, як да яго былі напачатку
высунутыя абвінавачванні ў шпіянажы, але знятыя пасля праверкі на “дэтэктары
хлусні”. Адным з галоўных пытанняў, якія задавалі яму супрацоўнікі камітэту
дзяржбяспекі, Міхалевіч назваў пытанне пра тое, ці збіраецца ён яшчэ вяртацца ў
палітыку. “...За час следства планавалася дачакацца маіх даносаў і добра
падсадзіць мяне на кручок. Толькі гэта ніяк не супадала з маімі планамі
застацца чалавекам. А героем я не хачу быць сам”, -- піша былы кандыдат у
прэзідэнты. Яго месцазнаходжанне на дадзены
момант дакладна не вядомае. У мінулыя суткі, калі стала вядома пра яго ад’езд,
некаторыя назіральнікі выказвалі апасенне, што знікненне палітыка можа быць
звязана ў тым ліку і з яго выкраданнем спецслужбамі, бо ў Беларусі яшчэ не
забыліся, як пісаў літаральна з-пад пятлі смс-паведамленні журналіст Алег
Бябенін. “Ліст з-за мяжы” тлумачыць матывы ўчынку Алеся Міхалевіча, але сувязі
з ім па-ранейшаму няма.
Поўнасцю
прачытаць ліст А.Міхалевіча можна тут:
http://www.naviny.by/rubrics/opinion/2011/03/15/ic_articles_410_172832/