Бандарэнка: Чытаю «Советскую Белоруссию» і «Прессбол». Таму пра сітуацыю неяк у курсе
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і давераная асоба Андрэя Саннікава Зміцер Бандарэнка даслаў жонцы Вользе Бандарэнка ліст з СІЗА КДБ.
«Інфармацыі тут, вядома, не хапае (ўжываецца нават цермін «інфармацыйная дэпрывацыя»). Асабліва для чалавека, які апошнія гады жыў у Інтэрнэце. З іншага боку ёсць агульная інфармацыя, якую раней ігнараваў і такія простыя радасці як разгадванне крыжаванак, падбор бібліятэчных кніг! Шмат яшчэ старых савецкіх, але цяпер да нас трапілі нават Стругацкіе «Цяжка быць Богам»... Чытаю «Советскую Белоруссию» і «Прессбол». Таму пра сітуацыю неяк у курсе... », -- цытуе Вольга Бандарэнка сайту charter97.org вытрымкі з ліста мужа.
Палітвязень адзначае, што ён не можа атрымаць Біблію на беларускай мове:
«Біблію і малітоўнік перадаць не атрымаецца. Прыйдзецца купляць на расейскай. На роднай мове прышлеш пазней у калонію. Хаця вось кажуць, што и туды нельга. Ну, гэта не крытычна, пры тым, што дзіўна - вернікі-беларусы-зэкі не могуць атрымаць Бібліі І малітасловы па-беларуску».
Заканчвае ліст Зміцер Бандарэнка словамі:
«Маліўся за Сашку (прэс-сакратара кандыдата ў прэзідэнта Андрэя Саннікава Аляксандра Атрошчанкава, асуджанага ўжо да 4 гадоў узмоцненага рэжыму – заўв. сharter97.org.) Ён першапраходца. Малюся за вас, за імянінніка, за пляменніцу і ўсіх нашых сяброў і сябровак. Прывітанне сёстрам і братам! Веснавой энергіі і стойкасці ўсім!»