Пётр Мігурскі: “Па-ранейшаму застаюся без працы”
Пётр Мігурскі, былы дацэнт Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта харчаванння, кандыдат эканамічных навук, звольнены на пачатку лютага з універсітэта за ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года ў якасці даверанай асобы кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, па-ранейшаму застаецца беспрацоўным.
Сам Пётр Сцяпанавіч разам з жонкай на сталай аснове пражывае ў вёсцы Дабрэйка Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці ў прыватным доме. Таму асноўную ўвагу зараз надае навядзенню парадку ў асабістай гаспадарцы, ну і даволі шмат часу працуе за камп’ютарам.
- Зараз шмат часу праводжу за камп’ютарам, дапісваю раней распачатыя навуковыя артыкулы, - расказвае Пётр Мігурскі. – Таксама дапамагаю сябрам рабіць разлікі эканамічнай эфектыўнасці пэўных бізнэс-праектаў. Думаю таксама пачаць працу над сваёй чарговай кнігай, калі Бог дасць здароўя. Прапаноў аб працаўладкаванні ніадкуль не атрымліваў, хаця раней, калі працаваў дацэнтам універсітэта, некалькі прадпрыемстваў і фірм актыўна прапаноўвалі ісці працаваць у іх шэрагі. Пасля ж таго, як з універсітэта настойліва “папрасілі” , сказаўшы “ці мы працуем у ВНУ, ці мы займаемся палітыкай”, усе гэтыя прапановы з боку так званых сяброў кудысьці зніклі. Так што пакуль па-ранейшаму застаюся без сталай працы.
Пётр Мігурскі кажа, што ў яго ёсць пэўныя магчымасці для таго, каб уладкавацца выкладчыкам у адну з расійскіх ВНУ, але ён іх пакуль не разглядаў:
- Спадзяюся ўсё ж, што мой досвед і вопыт будзе запатрабаваны ў роднай краіне. Ды і жонка мая, Валянціна Піліпаўна, даволі цяжка хварэе, не хацелася б пакідаць яе адну. Хаця жыць, канешне, цяжка, даходы ў сям’і зараз вельмі малыя. Добра, што ёсць 50 сотак зямлі, ну а працаваць на ёй я ўмею.
Валянціна Мігурская, якая ўсё жыццё адпрацавала аграномам у сельскагаспадарчых прадпрыемствах Шклоўскага раёна, з’яўляецца інвалідам другой групы, таму шмат сродкаў даводзіцца траціць на лекі.
Пётр Сцяпанавіч працягвае актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Ён прыняў удзел у акцыі па падпісаннні паручальніцтваў за палітзняволеных з мэтай іх вызвалення з-пад арышту, актыўна ўдзельнічае ў працы руху БНФ “Адраджэнне” і аргкамітэта па стварэнні партыі БХД.
Сумна, што з-за сваіх палітычных поглядаў высокаадукаваны чалавек, навуковец і гаспадарнік-практык, які ў свой час вывеў у шэраг лепшых некалькі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, не запатрабаваны ў якасці спецыяліста ў сябе на радзіме.
Будзе вельмі прыкра, калі высокакваліфікаваны спецыяліст, пазбаўлены магчымасці працаваць дома, у выніку апынецца “гастэрбайтэрам” у суседняй Расіі.
“Праваабарончая хроніка”