viasna on patreon

У Барыса Хамайды – два мільённыя штрафы за месяц. Чакаецца трэці

2011 2011-03-17T14:55:42+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/hamajda-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 сакавіка суд Чыгуначнага раёну Віцебска паўторна разгледзеў адміністрацыйную справу віцебскага апазіцыянера, якога прызналі вінаватым у арганізацыі і правядзенні несанкцыянаванага пікета. Першы, апраўдальны прысуд, быў адменены абласным судом пасля скаргі кіраўніцтва Чыгуначнага райаддзела міліцыі.

 

Суддзя Чыгуначнага райсуду Уладзіслаў Шыкароў, якому даручылі справу Хамайды пасля адмененага апраўдальнага рашэння калегі Алены Цыганковай, аштрафаваў актывіста на 30 базавых велічынь, што складае 1 мільён 50 тысяч рублёў.

 

-- У мяне не было ілюзій адносна перспектываў паўторнага разгляду маёй справы,-- камэнтуе судовае рашэнне Барыс Хамайда.  – 3 студзеня я ўвершыню выйшаў распаўсюджваць незалежную прэсу пад бел-чырвона-белым сцягам, мяне затрымалі, судзілі, і ў выніку суддзя Алена Цыганкова скасавала судовую справу, не ўбачыўшы ў маіх дзеяннях складу правапарушэння. Потым было яшчэ адно аналагічнае затрыманне і аналагічнае рашэнне суддзі Алены Грабянчук. Пасля трэцяга затрымання мяне судзіў Уладзіслаў Шыкароў. 2 сакавіка ён прысудзіў мне такі самы штраф, як і сёння – 1 мільён 50 тысяч рублёў.

 

На ўсіх судовых працэсах Барыс Хамайда тлумачыў, што выходзіў у цэнтр Віцебску пад бел-чырвона-белым сцягам  у гонар сёлетняга 20-годдзя незалежнасці Беларусі. Пад гэтым сцягам краіна набыла незалежнасць, і яго варта шанаваць як гістарычную рэліквію, лічыць апазіцыянер. Ніякіх транспарантаў ці плакатаў у апазіцыянера не было, і таму ён настойвае, што яго дзеянні нельга кваліфікаваць як правядзенне пікету.

 

-- Але ў Чыгуначным РАУС, напэўна, лічаць інакш. Супрацоўнікі міліцыі заяўлялі ў судзе, што нацыянальны сцяг прыцягвае ўвагу мінакоў, якія падыходзяць потым да мяне з пытаннямі. На думку міліцыянтаў-сведак, гэта і ёсць прыкмета наяўнасці пікета. Пасля таго, як суддзі вынеслі апраўдальныя рашэнні, фактычна “індульгенцыі” на мае выхады са сцягам да так званага “сіняга дому” – дому №28 па вуліцы Леніна – кіраўніцтва Чыгуначнага РАУС абскардзіла іх у абласным судзе, -- распавядае апзіцыянер.

 

Чарговы судовы разгляд чакае Барыса Хамайду 23 сакавіка. Адміністрацыйную справу, скасаваную  суддзёй Аленай Грабянчук, будзе зноў разглядаць паўторна  Уладзіслаў Шыкароў. Пасля двух прысуджаных мільённых штрафаў апазіцыянер не выключае, што будзе і трэці. Але нават пад такім ціскам сваю аднаасобную акцыю “2011 год – год нацыянальнага сцяга” ён збіраецца працягваць і далей – кажа, што будзе выходзіць пад бел-чырвона-белым сцягам  на галоўную вуліцу Віцебску калі не штодня, дык хаця б раз на месяц.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства