На Плошчы міліцыянты затрымлівалі па 2 чалавекі за хвіліну
648 чалавек затрымалі толькі каля 50 міліцыянтаў і практычна ва ўсіх рапартах аб затрыманні стаіць аднолькавы час. Праваабаронцы лічаць гэта немагчымым.
Як
заўважыла Еўрарадыё, не ўсе міліцыянты былі аднолькава актыўныя падчас
“навядзення парадку” на плошчы Незалежнасці ў Мінску 19 снежня. Прынамсі, да
такой высновы можна прыйсці, калі праглядзець пратаколы затрыманняў. Адпаведна
з імі, асобныя спецназаўцы здолелі затрымаць больш як па 15 (!) чалавек. А калі
верыць прэзідэнту, які заявіў, што мітынг на плошчы Незалежнасці разагналі за
7,5 хвілін, то гэтыя “перадавікі” затрымлівалі па 2 чалавекі за хвіліну!
Да прыкладу, служачыя 8-га ўзвода ПМСП ГУУС Мінгарвыканкама Якаўлеў і
Мазайла, якія затрымлівалі Маю Абромчык і Андрэя
Задзяркоўскага, наогул затрымалі першы 16, а другі — 12 чалавек. А
юрыст Цэнтра прававой трансфармацыі Аляксей Казлюк назваў і
яшчэ аднаго “стаханаўца” — міліцыянера Дударчыка.
Аляксей Казлюк: “Ёсць яшчэ Дударчык — ён быў сведкам на
працэсе Брэуса-Гапонава. У яго таксама больш за паўтара дзясяткі затрыманых”.
Увечары 19 снежня ў Мінску было затрымана, паводле міністра ўнутраных спраў Куляшова,
648 чалавек. Справы 300 з іх “вядзе” Цэнтр прававой трансфармацыі. І, адзначае
Аляксей Казлюк, у адпаведнасці з пратаколамі, усіх гэтых людзей затрымалі 15-20
міліцыянераў.
Аляксей Казлюк: “На кожнага міліцыянта каля 10, а ў каго і
больш, рапартаў аб затрыманні. У нас праходзіць 300 чалавек, і на іх пісалі
рапарты міліцыянтаў 15 ці 20”.
Спецыяльна, кажа Аляксей, яны не падлічвалі, па колькі чалавек які канкрэтны
міліцыянт затрымаў. Але нават гэтыя агучаныя лічбы, па яго словах, выклікаюць
сумнеў.
Аляксей Казлюк: “Наколькі гэта магчыма, што адзін
міліцыянт можа затрымаць 15 чалавек у адзін вечар? А ва ўсіх пратаколах будзе
стаяць: 22.30”.
Паводле словаў жа юрыста Беларускага Хельсінскага камітэта Гары
Паганяйла, амаль усіх затрыманых на плошчы Незалежнасці афармлялі ў
якасці “сваіх” зусім не тыя, хто іх насамрэч затрымліваў. Звычайна — тыя
міліцыянты, якія суправаджалі аўтазак з затрыманымі ў пастарунак. А ўвогуле,
кажа юрыст, на “канвееры” працавалі тры групы cпецыяльна прызначаных
спецназаўцаў.
Гары Паганяйла: “Калі быць дакладным, то дзейнічалі тры
групы. Адна група афармляла затрыманне, другая група пісала рапарты (аб
здзяйсненні адміністрацыйных правапарушэнняў — Еўрарадыё), а трэцяя група
складала пратаколы. І такі вал ішоў ва ўсіх аддзяленнях міліцыі раніцай 20
снежня. Пасля чаго людзей павезлі па судах”.
На думку юрыста, такія пратаколы і такія дзеянні міліцыі з’яўляюцца
незаконнымі. І верыць падобным сведчанням суддзі не мусілі. Але пакаранне ўсе
затрыманыя на падставе такіх пратаколаў і рапартаў атрымалі.
Гары Паганяйла: “Гэта незаконныя пратаколы. Увогуле, усе
гэтыя дзеянні мы ацэньваем як незаконныя. Людзям жа не далі магчымасці
запрасіць адвакатаў, запрасіць сведкаў у сваю абарону”.
Асабліва гэта тычыцца выпадкаў, калі адміністрацыйная справа “перарастае” ў
крымінальную. Калі воcь такія “рапарцёры”, як іх называюць у БХК, выступаюць на
судзе ў якасці сведкаў, у суда няма ніякіх доказаў віны абвінавачанага, акрамя
відэазапісу з плошчы.