Андрэй Юраў апратэстуе рашэнне аб унясенні яго ў спіс непажаданых у Беларусі асобаў
Пра гэта кіраўнік Міжнароднай назіральнай місіі Камітэта Міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі заявіў сёння падчас прэс-канферэнцыі з нагоды яго ўчорашняга затрымання.
Андрэй Юраў, дырэктар па развіцці Маскоўскай Хельсінкскай групы, Ганаровы Прэзідэнт Міжнароднага моладзевага праваабарончага руху, быў затрыманы ўвечары 16 сакавіка. У кватэру, у якой знаходзіўся ён і іншыя прадстаўнікі Місіі, з'явіліся супрацоўнікі Савецкага РУУС г. Мінска і, заявіўшы, што Юраву забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі, даставілі яго ў РУУС. Там на праваабаронцу быў складзены рапарт аб парушэнні забароны на ўезд у краіну. Ноч Андрэй Юраў правёў у камеры, а сёння раніцай яго вызвалілі з загадам на працягу 24 гадзін пакінуць тэрыторыю Беларусі.
- Пры затрыманні мне растлумачылі, што мяне абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальнага злачынства. А менавіта - я з'яўляюся персонай непажаданай для знаходжання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, але, тым не менш, тут знаходжуся. Гэта, уласна, тое тлумачэнне, па факце якога крымінальнага злачынства я быў затрыманы. Натуральна, я патлумачыў, што ў мяне не было ні аднаго шансу даведацца, што я гэта раблю, таму што, як вядома, расійска-беларуская мяжа адсутнічае і ні адзін расійскі грамадзянін папросту не мае нават шансу даведацца, здзяйсняе ён такое злачынства ці не, - распавёў Андрэй Юраў.
Расійскі праваабаронца адзначыў, што выпадак з ім стварае вельмі небяспечны прэцэдэнт: такім чынам любы грамадзянін Расіі - будзь то журналіст, бізнесмэн, палітык, адвакат і іншыя - перасякаючы расійска-беларускую мяжу, рызыкуе падпасці пад крымінальны пераслед.
Сёння раніцай, дзякуючы намаганням праваабаронцаў і адвакатаў (таксама, паводле Юрава, да справы падключыўся і прадстаўнік Расійскага консульства), Савецкім РУУС было прынята рашэнне пра спыненне ўзбуджэння крымінальнай справы. На рукі расійскаму праваабаронцу былі выдадзеныя два дакументы - Пастанова аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы і Апавяшчэнне аб уключэнні ў спіс асоб, уезд якiх у Рэспублiку Беларусь забаронены або непажаданы. Прычым тэрмін забароны ўезду – да 15.02.2013. Абодва дакумента падпісаны начальнікам Савецкага РУУС г.Мінска падпалкоўнікам міліцыі А.В. Германовічам.
- Мне на рукі выдалі унікальны дакумент - апавяшчэнне аб тым, што я ўсё-ткі з'яўляюся непажаданым грамадзянінам на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, што я занесены ў нейкі спіс, існаванне якога на працягу многіх месяцаў адмаўляў МЗС РБ. Гэта вельмі важна - у нас ёсць нарэшце юрыдычнае пацверджанне таго, што спісы гэтыя існуюць. Праўда, ніхто не разумее, што гэта за спісы, кім і на падставе якіх афіцыйных працэдур яны складаюцца, - адзначыў А. Юраў.
Каб праясніць сітуацыю, прадстаўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянцін Стэфановіч распавёў, што ўсякага роду спісы - гэта ўпадабаная тэма беларускіх уладаў:
- Улады вельмі часта выкарыстоўваюць такога роду спісы ў мэтах недапушчэння ў краіну прадстаўнікоў міжнародных і замежных праваабарончых арганізацый. Таксама вядома даволі шмат выпадкаў адмоў у візах замежным праваабаронцам. Такога роду спісы выкарыстоўваюцца і для кантролю перамяшчэння беларускіх праваабаронцаў. На межах ёсць спісы асоб, якія пастаянна падвяргаюцца мытнаму кантролю пры кожным перасячэнні мяжы Рэспублікі Беларусь. Асабіста я ў такім спісе быў каля паўтары гады. Зараз у такім спісе знаходзіцца кіраўнік нашай арганізацыі Алесь Бяляцкі. А тое, што адбылося цяпер - гэта, нажаль, не першы і, я думаю, не апошні выпадак.
Андрэй Юраў заявіў, што лічыць тое, што адбылося з ім, падставай для вельмі сур'ёзнага міжнароднага разбіральніцтва. Праваабаронца мае намер актыўна апратэстоўваць прынятае ў дачыненні да яго рашэнне аб уключэнні ў Спіс асоб, уезд якiх у Рэспублiку Беларусь забаронены або непажаданы. З гэтай мэтай ён збіраецца задзейнічаць усе механізмы - нацыянальныя, на ўзроўні міністэрстваў замежных спраў розных краін, у тым ліку Расіі і Украіны, а таксама міжурадавыя органы і міжнародныя арганізацыі, перш за ўсё ААН і АБСЕ.