viasna on patreon

Алесь Бяляцкі - міжнародны эксперт на канферэнцыі ў Тунісе

2011 2011-03-18T13:36:01+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bialiackitv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

17 – 19 сакавіка ў сталіцы Туніса - горадзе Тунісе – праходзіць міжнародная канферэнцыя “Пераход да дэмакратыі ў Тунісе”.  У працы канферэнцыі бяруць удзел актыўныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці краіны - праваабаронцы, грамадскія лідэры, прадстаўнікі прафсаюзаў, журналісты. Сярод запрошаных міжнародных экспертаў - віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алесь Бяляцкі.     

Па словах беларускага праваабаронцы, зараз вельмі адказны час для далейшага развіцця Туніса: існуе пераходны ўрад і рыхтуюцца змены і ў Канстытуцыі краіны, і ў выбарчым заканадаўстве, і ў іншых законах, датычных ўладкавання грамадска-палітычнага жыцця ў краіне.

-Яны сабралі гэтую канферэнцыю, перш за ўсё, каб самім вызначыцца. Бо зараз ідзе вельмі важная падрыхтоўчая праца. І законы, у якія рыхтуюцца змены, будуць закранаць фажныя сферы – у прыватнасці, дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі, палітычных партыяў і грамадскіх арганізацыяў, права на свабоду выказвання, права на мітынгі, сходы, - удакладняе А.Бяляцкі.

Міжнародныя эксперты запрошаныя на канферэнцыю з тым, каб падзяліліся станоўчым ці адмоўным вопытам пераходных перыядаў у сваіх краінах. З такім дакладам выступіць і спадар Бяляцкі:

-Я, у прыватнасці, буду казаць пра першую палову 90-ых гадоў, калі ў нас таксама прымалася Канстытуцыя, вызначалася палітычнае ўладкаванне Беларусі. І распавяду пра той негатыўны вопыт, які прывёў нашу рэспубліку фактычна да ўзурпацыі ўлады, што існуе на сённяшні дзень.

Палітычныя рэжымы Беларусі і Туніса віцэ-прэзідэнт FIDH называе братамі-двайнятамі – ў плане падаўлення грамадзянскіх свабодаў і ціску на грамадзянскую супольнасць.  

Нагадаем, прэзідэнт Туніса Зін аль-Абідзін бен Алі ўвечары 14 студзеня збег з краіны пад ціскам масавых маніфестацыяў студэнцкай моладзі і сярэдняга класу, што выступалі супраць крызіснай эканамічнай сітуацыі ў краіне, якая сталася вынікам яго 23-гадовага праўлення. Пратэст  таксама актыўна падтрымалі прафсаюзы, вядомыя артысты ды актывісты няўрадавых арганізацыяў. Паўнамоцтвы кіраўніка краіны былі часова перададзеныя спікеру парламента. Услед за Тунісам хваляванні перакінуліся на Егіпет, Лівію і ўвесь Бліжэйшы Усход. Эксперты лічаць гэтыя падзеі пачаткам ланцуговай рэакцыі сацыяльна-палітычнага выбуху, наступствы якога для ўсяго свету сёння цяжка нават уявіць.     

На здымках: Падзеі ў Тунісе ў студзені 2011г. (здымкі www.boston.com )

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства