viasna on patreon

Мытня зацікавілася фатаграфіяй

2011 2011-03-18T16:20:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

На беларуска-літоўскай мяжы (пераход Катлоўка) супрацоўнікі мытні сёння ўначы забралі на экспертызу сто асобнікаў каталога «Прэс-фота Беларусі 2010». Іх везла з Каўнаса ў Менск рэдактар каталога Юлія Дарашкевіч.

«Пратрымалі на мяжы ад паловы на дзесятую да паловы на першую ночы. Мытнікі ніяк не маглі вырашыць, што рабіць з каталогамі. Гэтыя сто асобнікаў выдавецтва перадало для рэкламных мэтаў у беларускія галерэі, бібліятэкі. Яны нават не для продажу былі. Усе дакументы ў парадку.

Мытнікі так і сказалі, што, маўляў, «цудоўныя фатаграфіі, але там ёсць некалькі такіх… ну вы ж усё разумееце», — паведаміла Юлія Дарашкевіч.

Зараз каталогі чакае экспертыза, якая павінна вызначыць, ці могуць яны трапіць у Беларусь. Праз месяц Ю.Дарашкевіч мае атрымаць адказ з Ашмянскай мытні.

«Я не прыгадаю, каб раней некалі не дазвалялі ўвозіць фотакаталогі, фатаграфіі. Былі справы, звязаныя з фота эратычнага характару, але яны скончыліся паспяхова для фатографаў. У нас у краіне ўвогуле фатаграфія не ўспрымаецца адпаведнымі органамі як мастацтва. Мытнікаў цікавіць, што выяўлена на фота, а не іх вартасць.

Разумееце, ёсць начальства, а ёсць шараговыя супрацоўнікі, якія баяцца прапусціць нешта не тое. Вось і перастрахоўваюцца», —

расказаў у размове з карэспандэнтам «НН» адзін з арганізатараў конкурса «Прэс-фота Беларусі» Сяргей Міхаленка.

Рэдактар каталогу, Юлія Дарашкевіч, таксама адзначае, што на фота можна толькі адлюстраваць рэальныя падзеі ў краіне: «Фатаздымкі, я кія надрукаваныя ў каталогу, адбіралі фатографы з сусветна вядомымі імёнамі. Гэтыя фота — усяго толькі адлюстраванне рэальнага жыцця нашай краіны. Гэта не прапаганда. Мы — фатографы — ніяк на змест падзей не ўплываем, а толькі адлюстроўваем іх».

Фотаальбом «Прэс-фота Беларусі 2010» выйшаў у літоўскім выдавецтве «Arx Baltica» і быў прэзентаваны ў Менску ў канцы лютага. У ім размешчаныя фотаздымкі пераможцаў аднайменнага конкурсу, які быў запачаткаваны ў мінулым годзе. Сярод здымкаў-пераможцаў аказалася некалькі такіх, дзе былі адлюстраваныя моманты разгону дэманстрацый апазіцыі. Магчыма, менавіта гэтыя фота зацікавілі ашмянскіх мытнікаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства