viasna on patreon

У Салігорску забаранілі пікеты ў Дзень Волі

2011 2011-03-20T11:11:59+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/saligorsk-vybary.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Салігорскія ўлады не дазволілі мясцовым грамадскім актывістам правядзенне пікетаў 25 сакавіка, прымеркаваных да Дня Волі.
Сябра кампаніі “Гавары праўду” Мікалай Шаравар прасіў дазволіць пікет у гэты дзень каля гарадскога ўнівермага з мэтай “выказаць падтрымку палітычным зняволеным Рэспублікі Беларусь”. Мерапрыемства было забаронена з-за адсутнасці асобнага ліста з абавязальніцтвам заяўніка. Сам Мікалай Шаравар лічыць гэтае рашэнне супрацьпраўным, бо ў сваёй заяўцы ён падрабязна распісаў, што бярэ на сябе ўсе абавязальніцтвы па забеспячэнню грамадскака парадку і бяспекі падчас пікетавання.
- Калі б мясцовыя ўлады хацелі забяспечыць права грамадзян на правядзенне сходаў, дык скантактаваліся са мною для ўрэгулявання ўсіх фармальнасцяў. Аднак яны проста знайшлі чарговую надуманую нагоду для абмежавання жыхароў гораду ў правах, - перакананы актывіст кампаніі “Гавары праўду”.
Уладзіміру Шыла, які падаваў асобную заяўку на правядзенне пікетавання ў адмыслова адведзеным мясцовымі ўладамі пад гэтыя мэты стадыёне “Будаўнік”, таксама адмовілі ў правядзенні масавага мерапрыемства. Матывам для забароны стала нібыта “правядзенне прац па рэканструкцыі стадыёна” у гэты час.
- Гэта чарговае абсурднае рашэнне ўладаў. Літаральна на днях на стадыёне будзе матч “Шахцёра”. Адкуль там узяцца рэканструкцыі. Да таго ж заяўка была пададзена на 18:00, калі ўжо скончаны працоўны дзень і аніякіх прац быць не можа. І ўвогуле, калі ў адведзеным самімі ж уладамі месцы пад масавыя мерапрыемствы немагчыма зладзіць пікет, дык хай прапаноўваюць іншае месца, а не забараняюць мерапрыемства. Гэта абавязак дзяржавы -- забяспечыць сваім грамадзянам права на публічнае выказвавнне сваіх думак, права на масавыя сходы, - не згаджаецца з рашэннем салігорскага выканкаму Уладзімір Шыла.
Адказнасць за парушэнне права салігорцаў на правядзенне сходаў грамадскія актывісты ўскладаюць на выконваючага абавязкі старшыні Салігорскага выканкаму Аляксандра Лазука і кіраўніка справамі выканкаму Галіну Яскевіч, чые прозвішчы стаяць пад адмовамі ў правядзенні пікетаў у Дзень Волі.
Адзначым, што акрамя вышэйзгаданых пікетаў мясцовыя ўлады не задаволілі просьбу Салігорскай гарадской арганізацыі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” аб правядзенні сімвалічнай дыктоўкі па беларускай мове ва ўстановах і прадпрыемствах горада і раёна 25 сакавіка.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства