viasna on patreon

Супрацоўніцтва са спецслужбай ўзамен на рэгістрацыю ў Мінюсце

2011 2011-03-21T10:48:10+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Кіраўнік Міжнароднага культурна-асьветніцкага грамадзкага аб'яднаньня "Цэнтр разьвіцьця валанцёрства" Мікалай Кванталіані заявіў, што КДБ схіляе яго да супрацоўніцтва.

У распаўсюджным лісьце "Гісторыя стварэньня падкантрольнага трэцяга сектару ў Беларусі" Кванталіані паведамляе, што дакумэнты на рэгістрацыю Цэнтру былі пададзеныя 22 лютага.

5 сакавіка яму дадому патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся Віталём Мікалаевічам і пакінуў нумар свайго мабільнага тэлефона. Ён заявіў, што тэлефануе з нагоды рэгістрацыі арганізацыі зь Міністэрства юстыцыі і ў інтарэсах заснавальнікаў зь ім зьвязацца. Сустрэча была прызначаная на 16 сакавіка холе Мін’юста.

На сустрэчы Віталь Мікалаевіч заявіў, што ён з супрацоўнік спэцслужбаў, пры гэтым ніякіх дакументаў не паказаў. Паводле яго слоў, заснавальнікі арганізацыі правераныя, прэтэнзій да іх няма, і пытаньне пра рэгістрацыю арганізацыі залежыць выключна ад згоды пра супрацоўніцтве.

"На маё пытаньне: " А што гэта азначае?". Віталь Мікалаевіч растлумачыў, што яны гатовыя аказваць усялякае садзейнічаньне, у тым ліку і па рэгістрацыі замежных праектаў і грантаў, а таксама гатовыя пераключыць на нашу арганізацыю, якія знаходзяцца ўжо пад іх кантролем, эўрапейскія праекты. Ён нават абмовіўся, што не трэба будзе ажыцьцяўляць працу, а толькі атрымаць грошы і адчытвацца. І людзі, якія зь імі ўжо працуюць, атрымліваюць 50.000-60.000 эўра ў год. Таксама ён гарантаваў поўную падтрымку і забесьпячэньне бясьпекі ў рабоце арганізацыі ", - піша Кванталіані.

Супрацоўнік спэслужбаў заявіў, што ў выпадку адмовы арганізацыя ня будзе зарэгістраваная, заснавальнікі трапяць у “чорны сьпіс” і ніколі не змогуць зарэгістраваць іншую арганізацыю, а ў самога Кванталіані пачнуцца праблемы з выездам за мяжу.

"Віталь Мікалаевіч падсунуў мне паперу, у якой папрасіў падпісаць, што паміж намі зь ім адбылася гэтая сустрэча. Ад разгубленасьці я напісаў яму гэтую паперу. Віталь Мікалаевіч сказаў, будзе чакаць майго званка з пацьвярджэньнем на працягу 40 хвілінаў", - піша кіраўнік цэнтра.

Пасьля абмеркаваньня сітуацыі з калегамі было прынята рашэньне "не кантактаваць з гэтым чалавекам і чакаць вынікаў рэгістрацыі ад Міністэрства юстыцыі". Тэрмін разгляду дакументаў заканчваецца 22 сакавіка.

"Мы зьвязаліся з заснавальнікамі швайцарскага адзьдзяленьня і растлумачылі ім сітуацыю. Зь іх боку была атрымана адназначная рэакцыя, што для іх лепш нерэгістрацыя арганізацыі, чым праца са спэцслужбамі", - паведамляе Кванталіані.

На працягу "ўсіх наступных дзён" з нумара "Віталя Мікалаевіча" пастаянна паступалі тэлефанаваньні, але заснавальнік цэнтра трубку не здымаў. 19 Сакавіка прыйшло смс-паведамленьне "Я прыйду зь ператрусам". Пасьля гэтага Кванталіані вырашыў “распавесьці ўсю гэтую сітуацыю".

"Цяпер я разумею што іх намеры - працягваць прымушаць мяне да супрацоўніцтва ўжо з дапамогай пагрозаў, - піша кіраўнік цэнтра. - Я ніколі ня думаў, што тэма валанцёрства і дапамогі сацыяльна неабароненым слаям насельніцтва зьяўляецца аб'ектам пільнай увагі з боку" камітэта добрых спраў ".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства