viasna on patreon

Лябедзька: «Маё сардэчнае прывітанне ўсім прыстойным і сумленным людзям»

2011 2011-03-22T17:12:25+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Жонка і сын лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі ў мінулыя выходныя атрымалі з-за кратаў КДБ тры лісты, напісаныя Анатолем Лябедзькам 15-17 сакавіка.

“Пісьмы ад вас зараз прыходзяць рэгулярна. Гэта добры знак, – піша Анатоль Лябедзька сваім родным. – Але разам з тым прашу – будзьце ўважлівымі і пільнымі. На дарозе, у ліфце, у камунікацыях з незнаёмымі. Зараз ёсць попыт на дзеянні і ўчынкі, якія не нясуць пазітыў.

Як я ацэньваю перспектыву? На руках у мяне пастанова аб утрыманні пад вартай да 20 траўня. Больш ніякай інфармацыяй не валодаю. Можа быць усё што заўгодна.

Інфармацыі ў мяне мала, калі не сказаць, што яна мізэрная. Праўда, пра японскі Чарнобыль ды грамадзянскую вайну ў Лівіі я ведаю з FM радыё, якое можна паслухаць падчас шпацыру. Так што ў асноўным варуся ў сваіх роздумах і размовах з суседзямі. Калі некалі прасочваюцца нейкія чуткі. Але гэта чуткі…

Рэсурс трываласці мой не безразмерны, але дазваляе з усіх сітуацый, што былі і можа будуць, выходзіць годна, захоўваючы самапавагу і адданасць сваім жыццёвым прынцыпам.

Вясна не спяшаецца, і пакуль што пераход на вясеннюю форму адзення затрымліваецца. Хаджу ў цёплых шкарпэтках і не здымаю байку…

Цемень апусцілася за вокнамі. Чацвер дагарае, як свечка. Даносіцца калакольны звон з пляца Свабоды. Буду рыхтавацца да адбоя. Сон, незалежна ад таго, што адбываецца вакол мяне, добры. Сумленне чыстае”.

У сваіх лістах з-за кратаў Анатоль Лябедзька піша пра побыт у астрозе, цікавіцца жыццём сына, выказвае пажаданні, а напрыканцы перадае “найлепшае сардэчнае прывітанне ўсім прыстойным і сумленным людзям”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства