Суд над Мікітам Ліхавідам працягнецца заўтра (дадаліся камэнтары праваабаронцы Валянціна Стэфановіча)
На судовым паседжанні 23 сакавіка дапытана 16 пацярпелых – байцоў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння альбо тых, у чые абавязкі ўваходзіла дакументальна фіксаваць парушэнні падчас акцыі. Акрамя таго, суд выслухаў аднаго сведку – міліцыянта, які складаў на Мікіту Ліхавіда пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні. “Сведка не змог адказаць на пытанне, у чым канкрэтна было парушэнне з боку М.Ліхавіда, -- каментуе праваабронца Валянцін Стэфановіч. – Са словаў сведкі можна зрабіць выснову, што пратакол быў складзены толькі на падставе таго, што яго бачылі сярод затрыманых”.
Правабаронца, які назіраў за ходам працэсу, адзначае таксама, што звесткі пра цялесныя пашкоджанні большасці пацярпелых не падмацаваныя матэрыяламі судова-медыцынскай экспертызы, па якую пацярпелыя не звярталіся. Не былі перасланыя для такой экспертызы і матэрыялы са шпіталю МУС. Такім чынам, інфармацыя пра атрыманыя супрацоўнікамі міліцыі пашкоджанні грунтуецца толькі на запісах у часопісе шпіталю МУС.
Паводле Валянціна Стэфановіча, пераважная большасць апытаных у судзе супрацоўнікаў міліцыі заявіла, што актыўныя дзеянні на ганку перад Домам урада 19 снежня ажыццяўляла група людзей колькасцю ў 35-50 чалавек – прычым уключна з журналістамі, якія здымалі падзеі і паведамлялі пра іх. Калі адкінуць ад гэтай колькасці супрацоўнікаў СМІ, то атрымаецца, што ў біцці шкла і дзвярэй прымала ўдзел малая група прысутных на плошчы. “Атрымліваецца, што здзяйсняла актыўныя дзеянні вельмі малая колькасць людзей у параўнанні з агульнай колькасцю ўдзельнікаў мітынгу, -- кажа Валянцін Стэфановіч. – У такім разе падзеі ніяк нельга назваць масавымі беспарадкамі”.
23 сакавіка на працэсе таксама пачалося азнаямленне з пісьмовымі матэрыяламі справы, якое, як чакаецца, працягнецца заўтра.
***
На думку прысутнага на працэсе праваабаронцы, юрыста Валянціна Стэфановіча, паказанні пацярпелых спецназаўцаў у асноўным выглядаюць аднатыпна. “Кідаецца ў вочы, што ў паказаннях сустракаюцца нават аднолькавыя фразы. Да таго ж, дзіўна выглядае тое, што некаторыя пацярпелыя не звярталіся па экспертызу, хоць кажуць, што атрымалі цялесныя пашкоджанні”, -- гаворыць праваабаронца. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што пратаколы допытаў некаторых пацярпелых датаваныя 24 лютага – больш чым праз 2 месяцы пасля падзеяў.
Па словах Валянціна Стэфановіча, частка пацярпелых заявіла на судзе, што ў час акцыі 19 снежня каля ганка Дома ўраду яны бачылі міліцыянтаў у сініх накідках з мегафонамі ў руках і чулі заклікі да мітынгоўцаў разысціся з папярэджаннем аб магчымай крымінальнай адказнасці. “На маю думку, гэта не адпавядае рэчаіснасці, паколькі супярэчыць сведчанням многіх іншых людзей, якія прысутнічалі на плошчы асабіста і нічога падобнага там не бачылі”, -- мяркуе праваабаронца.
***
Суд распачаўся ўчора, 22 сакавіка. Пракурор вінаваціць М. Ліхавіда, акрамя ўдзелу ў беспарадках, яшчэ і ва ўзброеным супраціве сілам правапарадку. Каля паловы пацярпелых спецнаўзацаў ужо апытаная, пакуль ніхто з іх не сказаў, што бачыў у руках дэманстрантаў зброю. Ніводзін з пацярпелых таксама не сведчыць, што ён пацярпеў асабіста ад Мікіты Ліхавіда. Больш за тое, пакуль апытаныя міліцыянеры сцвярджалі, што падсуднага на плошчы не бачылі зусім. Некаторыя таксама дадаюць, што не маюць да хлопца ніякіх прэтэнзій.