Суд не задаволіў скаргу Уладзіміра Тоўсціка
24 сакавіка ў судзе Маскоўскага раёна Менска разглядалася скарга Уладзіміра Тоўсціка на рашэнне Міністэрства юстыцыі аб пазбаўленні яго адвакацкай ліцэнзіі. Суд скаргу не задаволіў.
Кваліфікацыйная камісія Мінюста 16 лютага пазбавіла адвакацкіх ліцэнзій адвакатаў, трое з якіх абаранялі фігурантаў справы аб масавых беспарадках - Уладзіміра Тоўсціка, Тамару Гараеву, Алега Агеева і Таццяну Агееву.
Уладзімір Тоўсцік, у прыватнасці, быў пазбаўлены ліцэнзіі нібыта за адмову абараняць сваю падабаронную Ірыну Халіп – вядомую журналістку, жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Спадар Тоўсцік тады заявіў, што катэгарычна не згодзен з такім тлумачэннем Мінюста, паколькі яго падабаронная сама адмовілася ад яго паслугаў. А паколькі паседжанне кваліфікацыйнай камісіі прайшло без удзелу адваката, у яго не было магчымасці даць свае тлумачэнні. Таму ён абскардзіў рашэнне Мінюста ў судзе.