viasna on patreon

Кароткі аналітычны агляд судовага працэсу па справе Зміцера Дашкевічам і Эдуарда Лобава: заключная частка

2011 2011-03-24T13:51:58+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dashkevlobau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота

Фота

23 сакавіка 2010г. адбыўся працяг судовага паседжаньня па крымінальнай справе аб “асабліва злосным хуліганстве” Зьмітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава.

Судовае паседжанне пачалося з допыту сьведкі Гарбачовай Сьвятланы, супрацоўніцы МНС. Яна распавяла пра падзеі, што бачыла бойку, групу людзей 6-7 чалавек, трое ляжалі на зямлі, двух зь іх трымалі двое, заламаўшы рукі за сьпіны. Паміж імі хадзіў яшчэ адзін малады чалавек з тэлефонам. Яна адразу выклікала міліцыю з мабільнага тэлефона і сышла адтуль. Кроў на тварах ня бачыла, апазнаць не змагла б. Паколькі ў паказаньнях былі супярэчнасьці, агучылі пратакол допыту падчас папярэдняга сьледзтва. Там таксама агучылі плян-схему месца падзей. Тады ўдакладнілі, што насамрэч было гэта 18-га сьнежня. Бойкі самой ня бачыла, металічных прадметаў у руках таксама.

Наступны сьведка – Карабыль Ігар, прахожы, які падышоў да месца падзей. Бачыў, як нехта трымаў на зямлі іншага (Дашкевіча, хаця не пазнаў яго), заламаўшы руку за сьпіну. Пры гэтым першы нанёс некалькі ўдараў па галаве кулакамі, “каб не рыпаўся”. Сьведка падышоў да іх, Дашкевіч прасіў выклікаць міліцыю, але пацярпелы (Малышаў), які яго трымаў, круціў у руках тэлефон і казаў, што сам можа выклікаць. Сьведка бачыў на зямлі Лазара аднаго і як нехта (Савіцкі) ішоў ад Лобава, што ляжаў далей, з манціроўкай у руках. У сувязі з супярэчнасьцямі агучылі пратакол допыту Карабыля на папярэднім сьледзтве. Згодна мінуламу допыту ён бачыў, як Лобаў нанасіў удар манціроўкай па галаве Савіцкаму, але ў судзе кажа, што сьледчы памылкова запісаў яго паказаньні.

Потым перайшлі да допыту Тозіка Андрэя, 1970 года нараджэньня, міліцыянт ПМСП ГУУС Менгарвыканкама. Патлумачыў, што 18 сьнежня сумесна з Зінькевічам Ігарам ажыцьцяўляў пешы патруль па ахове грамадзкага парадку, калі па рацыі паступіла інфармацыя пра бойку каля дома 24 па вуліцы Брыля. Пабачыў на зямлі Лобава і Савіцкага, хто каго зьбіваў – не зразумеў, разам з камандзірам сталі іх разьнімаць, сьведка непасрэдна затрымліваў Эдуарда Лобава, які паводзіў сябе спакойна й супраціву не аказваў.

Зінькевіч Ігар, міліцыянт ПМСП ГУУС Менгарвыканкама, падчас допыту ў якасьці сьведкі патлумачыў, што непасрэдна затрымліваў Лазара, які сьмірна ляжаў на сьпіне. Падставу для затрыманьне патлумачыў, сказаў, што Дзяніс кульгаў, а дрэнна стала толькі аднаму з “пацярпелых” у РУУСе, тады яму выклікалі хуткую. Акалічнасьцей бойкі ня бачыў, на месцы не высьвятлялі, ня ставілі такой задачы. Месца здарэньня пасля гэтага аглядаў кіраўнік Мілінец, а таксама сьледча-апэратыўная група, якая пад’ехала, калі яны з’яджджалі.

Міліцыянт ПМСП ГУУС Менгарвыканкама Марачкоў Віктар патлумачыў, што паступіла інфармацыя пра бойку і прыехаў на месца разам з Мілінцом і Ахрамовічам (кіроўца). Пабачыў, што на зямлі тры чалавекі, адзін з іх быў Дашкевіч, якога трымаў малады чалавек. Апошні паведаміў, што Дашкевіч нанёс яму ўдар у жывот, таму Марачкоў апрануў на Дашкевіча кайданкі й ажыцьцявіў затрыманьне (даставіў у машыну). Як і мінулыя сьведкі сьцьвярджаў, што пра палітычную актыўнасьць Дашкевіча ня ведаў, пачуў толькі ў РУУСе ад самога Зьмітра.

Апошнім сьведчыў Лазар Дзяніс, якога затрымалі па падазрэньні на 10 сутак разам з Дашкевічам і Лобавым, але вызвалілі праз гэты тэрмін. Распавядае, што ехалі разам з сябрамі ў аўтобусе, пабачылі падазронага маладога чалавека й выйшлі, адышлі падалей. Пабачылі групу людзей з 4 чалавек, двое аддзяліліся і падышлі да Дашкевіча з пытаньнем пра нумар дома і прыкурыць. Раптам адзін з іх (Малышаў) нанёс удар Дашкевічу ў жывот, той сагнуўся. Пасьпеў трошкі пабачыць, што Савіцкі накінуўся на Лобава, нанёс удар па вуснах. Потым яго нехта моцна ўдарыў па назе, ён упаў на сьпіну, на вочы яму нацягнулі шапку й ён перастаў нешта бачыць. Праз 5 хвілін прыехала міліцыя і затрымала яго. Усіх даставілі ў РУУС, дзе трымалі асобна ад “пацярпелых” і асабліва да іх ставіліся. Лазар у РУУСе тлумачыў, што адбыўся напад на іх, але яго тлумачэньні ігнаравалі. Па факту свайго зьбіцьця заяву не падаваў, бо ўжо была заведзеная крымінальная справа па гэтым факце. Таксама па просьбе адваката пералічыў, што меў пра сябе (сьцяг, флагшток, улёткі, іншыя рэчы) і патлумачыў, што такім чынам зьбіраўся на акцыю пратэсту 19 сьнежня.

 

Затым  судзьдзя перайшла да дасьледваньня пісьмовых матэрыялаў справы. Так, адвакат Сямешка адразу ўказвала, што ў заяве пацярпелага адсутнічаюць ягоныя кантакты, што медэкспертыза была праведзена пазьней, неналежным чынам і аформіла толькі пашкоджаньне мякіх тканак у Савіцкага, а не рассячэньне, пра якое казаў ён  і сьведкі-міліцыянты і якое магло працягнуць крывацёк.

Зьвяртае ўвагу, што не правялі экспэртызу Лобаву, хаця той аб гэтым прасіў. Пасьля дасьледваньня адвакаты просяць далучыць яшчэ характарыстыкі на сваіх падабаронных, а таксама заяўляюць хадайніцтвы аб прадстаўленьні інфармацыі аб пацярпелых, аб правядзеньні экспэртызы крыві на тампонах у справе і аб прадстаўленьні інфармацыі мабільных апэратараў з радыўса падзей (паколькі нумар Гарбачовай у гэты дзень зафіксаваны ў гарадзкой лініі 102 ня быў). Характарыстыкі судзьдзя пастанавіла дадаць на месцы, а пасьля пярэчаньня пракурора не задаволіла астатнія хадайніцтвы.
Пачынае пракурор Мазоўка, які сьцьвярджае, што віна абвінавачаных даказаная, прыдзіраецца да паказаньняў сьведкаў неміліцыянтаў, крытычна ставіцца да заяваў аб палітычна матываваным перасьледзе Лобава й Дашкевіча. Паколькі выкарыстаньне фомкі было абхопленае толькі намерам Лобава, перакваліфікоўвае абвінавачаньне Зьмітру Дашкевічу па ч.2 арт.339 КК (“злоснае хуліганства”) і просіць пакараць яго 3 гадамі агульнага рэжыму. Эдуарду Лобаву пракурор запрасіў 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пацярпелыя Савіцкі й Малышаў у невялікіх прамовах падтрымалі пракурора.

Сямешка Мар’яна ў прамове зьвяртае ўвагу, што агучаныя довады абвінавачаньня не былі належным чынам правераныя ў судовым паседжаньні. Але нават па наяўных матэрыялах можна зрабіць адназначную выснову, што няма даказанасьці віны Дашкевіча і Лобава ў зьдзяйсьненьні злачынства, якое ім інкрымінуецца. Адвакатка зьвяртае ўвагу на шэраг працэсуальных парушэньняў падчас сьледзтва, што выключае з доказнай базы шэраг рэчаў. Так, былі парушэньні ў пратаколе выемкі, правядзеньні экспэртызы, у выніку чаго былі толькі пацьверджаныя факты пашкоджаньня Савіцкаму мяккіх тканак, а не расьсячэньне. Тое, што пацярпелыя хаваюцца ад усіх, пацьвярджае факт таго, што ім ёсьць што схаваць. Да таго ж дзіўна, што людзі з сярэдняй адукацыяй даюць ідэнтычныя паказаньні падчас следзтва, упэўнена й юрыдычна слушна выступаюць і падчас судовага паседжаньня. Яна таксама заклікае крытычна ставіцца да паказаньняў сьведкаў, паколькі яны ня бачылі сам факт зьбіцьця (акрамя Лазара).  На падставе гэтага просіць Зьмітра Дашкевіча апраўдаць.

 

Адвакатка Аўсяньнікава Алена ў выступе нагадала, што віна павінна быць пацьверджаная бясспрэчнымі доказамі й ня можа будавацца на меркаваньнях. Сьцьвярджае, што доказаў, якія пацьвярджаюць бясспрэчнасьць віны абвінавачаных, не прадстаўлена. Нельга казаць аб тым, што ў абвінавачаных былі роўныя правы з пацярпелымі, бо ў судзе не было задаволена ніводнага хадайніцтва абароны аб усталяваньні ісьціны па справе. Сьцьвярджае, што прысуд ня можа будавацца на сумневах і яны павінны грунтавацца на карысьць абвінавачаных. Яна лічыць віну Лобава недаказанай і просіць прызнаць невіноўным. Зазначае, што з самага пачатку ён не прызнаваў віну і казаў, што на іх зьдзейсьнілі напад. Таксама настойвае, што супярэчнасьці з паказаньнямі на сьледзтве мелі ўсе сьведкі й пацярпелыя, таму да іх трэба ставіцца аднолькава крытычна. Зазаначыла й аб адмове правезьці належную экспэртызу яе падабароннаму.

Суд перайшоў да апошняга слова абвінавачаных.

24 сакавіка ў 12 гадзін для суддзя Алена Шылько абвесціла прысуд: Зміцеру Дашкевічу - 2 гады калоніі агульнага рэжыму, Эдуарду Лобаву - 4 гады ўзмоцненага рэжыму.

Высновы:

У працяг высноваў за першы дзень можна зазаначыць, што суд не прыняў усе намаганьні для поўнага, усебаковага й аб’ектыўнага дасьледваньня справы, што выклікае сумневы ў справядоівасьці рашэньня. Бясспрэчных доказаў віны Дашкевіча й Лобава ў матэрыялах справы няма.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства